„Што гэта, здань? Ці мо‘ двайнік?.. Чаму — тэкінец?.. Што гэта?..“
Усё, што было далей, прайшло для Лясьніцкага, як тлумны, недарэчны і разам з тым вельмі радасны сон. Тэкінец заўважыў яго і спыніўся — вочы сталі шырокія-шырокія, поўна налітыя задзіўленьнем. Потым тэкінец падышоў да яго, і ўжо ня тэкінец, а Халіма — жывы, сапраўдны. Здаецца, абнімаліся, Халіма балюча сьціснуў руку. Забубнеў недзе яго грубы, быццам сярдзіты голас — здалося далёка-далёка, а стаялі адзін супроць аднаго. Потым Халіма зьнік, замест яго дабрадушна ўсьміхаўся перад вачмі вартаўнік, гаварыў нешта простае, але чамусьці незразумелае.
Вышлі ўсе разам: Халіма, старэйшы тэкінец і Міцька (Міцька цьмяна-зьбялелы, напалоханы, з мутнымі няпрытомнымі вачмі). Старэйшы сярдзіта скасурыўся на Лясьніцкага, каротка матнуў галавой.
— Ідзі!
І потым таксама кіўком галавы паказаў на тых на двух, буркнуў вартаўніку:
— Застрэліць…
Міцька астаўся такі, як і быў, толькі адразу неяк аўтоматычна здрыгнуўся — так здрыгаецца ў сьне чалавек, калі сядзе на твар яму муха-джыгучка, — а басяк раптам выцягнуўся ўвесь, быццам ахоплены сударгай, шырока і страшна выпяў свае сьцюдзяністыя вочы, хацеў нешта сказаць, але страшэнна задрыжэлі вусны, і зубы некалькі раз ляснулі дзіка і жудасна. Потым ён хапліва ўтаропіў у Лясьніцкага і Халіму свой няцьвёрды, але цупкі погляд, у якім гарэла адчайнае маленьне, маўклівы крык аб ратунку. Лясьніцкі недалужна зірнуў на Халіму — той падхапіў яго руку і пасьпешна вывеў на вуліцу.
Толькі прайшоўшы гоняў з двое па чыстай сонечнай вуліцы, Лясьніцкі сабраў у парадак свае думкі і адчуваньні, і толькі тады ў поўнай меры ўсьвядоміў дзівосную выпадковасьць свайго збавеньня, тады толькі пачуў глыбокую, прасякнуўшую ўсю істоту радасьць. Зьявілася прагная па-