Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/263

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Увайшлі ў нейкі досыць раскошны і прыгожы дом. У вялікім пустым пакоі прышлося чакаць, пакуль старэйшы пайшоў дакладваць камандзіру. Ён быў там хвілін пяць, потым вярнуўся і павёў з сабой чамусьці аднаго Міцьку. Лясьніцкі і басяк селі на лаўку. Каля іх астаўся цяпер адзін тэкінец — відаць дабрадушны і гаваркі, бо адразу-ж завёў з імі самую сяброўскую гутарку. Лясьніцкі гаварыў з вялікай ахвотай — разважаў гаворкай сваю трывогу і хваляваньне. Цяжка сядзець было так, страшэнна мучыла невядомасьць таго, што будзе праз колькі хвілін. І яшчэ не давала спакою пытаньне: куды павялі Міцьку?

Прайшло хвілін дзесяць. І вось раптам аднекуль з глыбіні дому пачуўся прыглушаны сьценамі крык, быццам нехта некага лаяў, і потым ледзь чутны нямы ёкат. У Лясьніцага заныла ў грудзёх, па целу пацякла нейкая вадкая млявасьць — ёй адчуваў сам, што страшэнна зьбялеў.

„Няўжо будуць выпытваць? Няўжо будуць біць? Не, хай лепш застрэляць адразу, так і скажу“.

А ў гэты час іх вартаўнік кулдыячыў страшэнна калечанай расійскай мовай:

— Бальшавікоў б‘ём… бальшавікоў сячом… Бальшавік дрэнны чалавек, начальства не прызнае… Карнілава нашага забралі… Карнілава забілі… За што забілі?..

Лясьніцкі дасадліва перапыніў яго:

— А нашто табе Карнілаў, га? Ён табе трэба?..

Тэкінец сьперш паглядзеў на яго недаверліва, тады адвярнуўся, троху падумаў, і нарэшце адказаў руплівым і троху смутным голасам:

— Нам трэба дамоў, у нас хадзяйства, вінаград… Жонка маладая была — будзе старая… У нас жонкі старыя бываюць скора… у вас усе маладыя…

У гэты момант у пакой знадворку ўвайшоў малады, зграбны і досыць прыгожы тэкінец. Ён далей не пайшоў, а чамусьці стаў у задуме хадзіць па пакою. Як толькі ён паказаўся, Лясьніцкі ўпяў у яго свой няўцямны асалапелы погляд.