як звар‘яцелыя, рабілі страшныя грымасы і злосна махалі кінджаламі. Прыходзіла яшчэ Раіса, салодка прытулялася да яго сваім целам і балюча-балюча цалавала. З шалёным рогатам яе адцягнулі тэкінцы — ён парываўся ўстаць, абараніць яе, але быў моцна зьвязаны — толькі нема стагнаў ад злосьці і роспачы.
Уначы Лясьніцкага будзіў Міцька. Ён спытаўся задумённым хворым голасам:
— Васіль! Ці верыш ты ў бога?
Ён першы раз назваў Лясьніцкага Васілём. Лясьніцкаму стала бязьмеры шкода яго — мо‘ таму, што й сябе было шкода. Хацелася адказаць яму мякка, ласкава.
— Трудна цяпер верыць, Міцька, — многа ў ім недарэчнасьці, у гэтым багу… Я-то ня веру…
— А ці трэба маліцца, як ты думаеш?
— Кінь ты, яшчэ жывы будзем, чаго там…
— Я знаю, што заўтра памру.
Сказаў ціха, але зусім цьвёрда і змоўк. Больш ня кратаў Лясьніцкага, пакінуў яго на волю тлумных цяжкіх кошмараў.
А можа і гэта кароткая гутарка таксама была толькі ў сьне?
Прачнуўся Лясьніцкі тады, калі шырока расчыніліся дзьверы і ў іх лынула патока вясёлага пагоднага дню. Ён адразу, яшчэ нават як сьлед не прачнуўшыся, уявіў усё, што з ім здарылася, але чамусьці замест ранейшага душэўнага мятушэньня пачуў цьвярозы спакой і ўпэўненасьць, што ўсё абыйдзецца нечым зусім ня страшным. Можа будзе што няпрыемнае троху — нічога ня зробіш.
Іх адразу павялі да камандзіра. Вуліцы былі ненатуральна бязьлюдныя, зусім мала відаць было жыхароў — толькі бразгалі сваймі крывымі шаблямі чорныя страшныя тэкійцы ды дзе-калі мільгалі адзінотныя, досыць паабшарпаныя фігуры армейскіх афіцэраў. Такі нязвычайны выгляд вуліцы зноў абудзіў у Лясьніцкага трывожны настрой, і чым далей ішлі, чым больш сустракалася каменна-пахмурных рэзкіх твараў тэкінцаў, тым мацней ахапляў гэты настрой.