Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/260

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вышлі тэкінцы, як стала цёмна і ціха, не пачуў, незразумеў таго, што гаварыў расхваляваны Міцька.

Ачулеў Лясьніцкі тады, як па клеці разьлёгся моцны здаровы хропат басяка, як напалохаў ён сваёй недарэчнасьцю, дзікім дысонансам з страшным і жудасным атачэньнем. Першая думка была аб тым, каб дастаць як-небудзь яго нагой, штурхнуць добра, спыніць гэты нахабны хропат. Потым усьміхнуўся — здалося гэта хаценьне дзівачлівым і бязглуздым. А тады ўжо пабеглі, паляцелі адна за аднэй шпаркія, балючыя думкі, апляліся яскравымі фарбамі вобразаў, закруціліся ў шаломным заблытаным карагодзе.

З думкай аб нямінучасьці сьмерці пагадзіўся неяк адразу, бяз доўгіх разваг. Надзеі на вызваленьне зьявіліся значна пазьней, спачатку іх зусім ня было. Спачатку была толькі тупая ўпэўненасьць у тым, што заб‘юць, ды непамерная роспач, жалкаваньне аб загубленым жыцьці. Пярэстым роем атачылі былі ўспамінкі — адзін за адным выплывалі аднекуль да болю яскравыя і выразныя вобразы, выплывалі даўно забытыя рэчы і зьявы, самыя маленькія, няпрыметныя раней драбніцы жыцьця, — усё было цяпер такое любае, дарагое, усё абуджала глыбокі жаль, гатовы кожную хвіліну выліцца ў цяжкія горкія сьлёзы. Успомнілася чамусьці матка (раней рэдка калі яе ўспамінаў), потым бацька, браценьнік — здаліся яны ціха-ласкавымі, смутнымі, і горла сьціснулі даўкія сударгі плачу. Потым — бярозка на прыгуменьні, пузаты сабачка-Буржуй, дубкі над берагам, жавіны, смуродзіна, летняе сонца Ў Дняпры і вясёлая жвавая рыбка — уклейкі, яльцы, галавеньчыкі.

Лясьніцкі стараўся так плакаць, каб не пачуў Міцька. Ён знаў, што Міцька ня сьпіць, што ён ня менш усхваляваны. Можа таксама плача ўцішку? Можа лепш-бы плакаць разам? Але — хто яго ведае, яшчэ сьмяяцца будзе.

Каб заспакоіць сябе, Лясьніцкі пастараўся адцягнуць думкі ад хаты, ад радзімы, перанесьці іх на што-небудзь іншае. І тады ўспомніў Раісу.

Лепш-бы яна не ўспаміналася! Яна ўстала перад вачмі — зусім жывая, рэальная, у поўным бляску свайго хараства,