нвапорна-адрывістай гартаннай мове. Потым забралі ўсіх, павялі ў самы канец глухой цёмнай вуліцы, дзе стаяла варта, увялі ў нечую клець — у вартавальнае памяшканьне. Пачалася самая дэтальная ператруска. Калі знадворны абгляд ня даў ніякіх вынікаў, загадалі разьдзявацца. Лясьніцкага гэта процэдура пачынала троху забаўляць і заспакойваць. Разьдзяючыся сам, ён з цікавасьцю сачыў за тым, як разьдзяецца басяк. Яго страшэнна сьмяшыла тая станавітасьць і мэтодычна-спакойная акуратнасьць, з якой ён зьдзяваў і раскладваў свае да шчэнту задрыпаныя транты. Потым Лясьніцкі неяк няўмысьля зірнуў на Міцьку і скамянеў ад раптоўнага спалоху. Міцька сядзеў белы-белы, як сьмерць — у яго адзін тэкінец пасьпешна і груба цягнуў з ног панчохі. Сьцягнуўшы, ён па чарзе ў адну і другую ўсунуў руку і, радасна ашчэрыўшыся, выняў у некалькі рэдзь складзеную паперку.
— А!.. Бальшавік!.. Папаўся!..
Другі тэкінец з жудаснай гатоўнасьцю выцягнуў з похвы кінджал і пагрозна намерыўся на Міцьку. Але яго спынілі.
— Стой! Да камандзіра трэба… Пасьпееш…
Нехта заўважыў:
— Камандзір сьпіць… будзіць ня можна… заўтра пакажам…
Далей яны гаварылі зноў у сваёй незразумелай мове, горача спрачаліся — мусіць, аб тым, што рабіць з палоннымі. Нарэшце вышлі ўсе вон, пакінулі іх адных у цёмнай пустой клеці, замкнулі знадворку дзьверы.
Міцька намацаў у цемры Лясьніцкага, сударгава сьціснуў яго за руку.
— Прапалі, братка… Заўтра заб‘юць…
Лясьніцкі бадай што не зразумеў гэтых слоў. З таго часу, як убачыў ён зьбялелы твар Міцькі, як вострым агнём мільгнула ў думках страшэнная здагадка, — з той хвіліны раскрылася ў нутры ў яго тупая мулкая пустата і галава замуцілася нейкім суха-зьвінючым туманам. Сядзеў застыгла ў кутку — бяз думак, без разважаньняў, ня прымеціў нават, як