Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/257

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але тут вышла нешта зусім неспадзяванае. Толькі выгаварыў Лясьніцкі гэты словы, як басяк раптам патонуў у цемры і адтуль пачуўся брыдкі здушаны зларадасьцю голас:

— А я ня пушчу назад, я буду страляць…

Лясьніцкі ня ведаў, што больш рабіць. А Міцька праказаў спакойным стрымленым голасам:

— Добра… Хадзем. Кінь наган, бо пападзешся…

— Ня турбуйся, я кіну там, далей…

Пайшлі. Міцька ішоў папераду, упэўнена выбіраючы дарогу, з мяккай спрытнасьцю рассуваючы падатныя чупрыны кустоў. Басяк ішоў зараз-жа за Лясьніцкім і ўсё нешта шаптаў ніто Лясьніцкаму, ніто проста самому сабе. Лясьніцкаму прыкра было адчуваць за сьпіной яго прысутнасьць — было такое ўражаньне, што нешта ліпне да сьпіны — сьцюдзёнае і мокрае.

Што чым бліжэй падыходзілі к гораду, то ўсё больш і глыбей працінаўся Лясьніцкі нейкім дасюль невядомым яму адчуваньнем, у якім чорныя цені трывогі і страху дзіўна мяшаліся з вясёлым уздымам, з радаснай лёгкасьцю. Думка аб тым, што вось ён ідзе на такую небясьпечную справу, што ён рызыкуе нават жыцьцём, — гэта думка, раджаючы страх і трывогу, адначасна давала нейкую чыста дзяціную ўцеху. Ён пачынаў уяўляць сябе гэроем, паслужная фантазія снавала розныя прыгожыя малюнкі і пэрспэктывы — было зусім весела, забаўна. Ідучы, ён напружыў усе мускулы цела, стараўся, каб кожны рух быў разьмеркаваны, лёгкі, і з давольнасьцю думаў, што ён спрытны і гібкі, як тыгра.

Пачаліся гароды. Тут часта прыходзілася пералазіць, зацяўшы дыханьне, цераз хісткія шчыкеты і праслы, прыхоадзілася падоўгу стаяць, прытуліўшыся дзе-небудзь у куточку, чакаць, пакуль сьціхнуць брахаць сабакі, або замоўкнуць галасы на вуліцы, Калі ўжо добра змарыліся ад гэтых бесканцовых пералазаў, Міцька спыніўся і прашаптаў:

— Тут трэба перайсьці цераз вуліцу. Калі прымецяць — не ўцякаць! Кажы, што — тутэйшыя, загуляліся троху, заба-