— Ты сягодня, здаецца, ладзіўся туды, да іх… Так?.. Возьмеш з сабой гэтага хлопца…
Міцька шырока ўхмыльнуўся, падміргнуў Лясьніцкаму неяк усёй сваёй жвавай фігурай.
— Шалда-балда… бальшавік… дайёш-бірош… фю-іць…
Ён зрабіў пры гэтым вельмі выразны жэст, які прымусіў усіх засьмяяцца, а ў Лясьніцкага ўзьняў халаднаватую хвалю трывогі. Але трэба было паказаць неяк сваю рашучасьць, і Лясьніцкі пастараўся тож засьмяяцца, лэпнуў Міцьку па плячуку.
— Нічога, браток, не прападзём!
Увесь той дзень Лясьніцкі перабыў у напружным чаканьні, якое часамі пераходзіла ў вострае ўзрушэньне, у нявыразную, але цяжкую турботу. Тады балюча, нясутрымана білася сэрца, і няможна было ўседзець на месцы — карцела пайсьці куды-небудзь, аддацца нейкаму ліхаманкава-пасьпешнаму руху. Каб разважыць свой неспакойны настрой, Лясьніцкі пачаў пільна прыглядацца да ўсяго, што робіцца вокал. І ён убачыў тут многа цікавага. Гэта быў адзін з тых першых атрадаў чырвонае гвардыі, якія вырасьлі былі ў розных райёнах Усходняе Беларусі, замяніўшы сабой распушчаную армію і ўзяўшы на сябе пачатак барацьбы з мясцовай контррэволюцыяй. Гэтыя атрады складаліся з самых разнастайных элемэнтаў. Разам з сьвядомымі абаронцамі рэволюцыі сюды йшло шмат аматараў вальготнага жыцьця, або проста жулікаў, якія прыносілі з сабой тэндэнцыі рабаваньня, разбою, анархіі, усяго таго, што часамі дэзорганізавала работу атрадаў. Рознапёрыя па свайму асабоваму складу, апранутыя ў пярэсты збор самых разнастайных адзежын, узброеныя ня менш пярэстым асортымэнтам усякага, якое толькі магчыма, аружжа, — гэтыя атрады выяўлялі сабой сапраўды дзіўную непаўторную карціну. Увесь нутраны лад у атрадах грунтаваўся на вольнай таварыскай дысцыпліне, якую большасьць разумела ў тым сэнсе, што кожны загад трэба спаўняць падумаўшы, што наогул ня трэба дужа патворыць начальства — балазе, самі-ж яго й выбіралі. У некаторых выпадках усе