Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/248

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На голках малодзенькіх хвоек дрыжэлі ў празрыстай бязьвіннасьці кроплі расы — хвойкі з наіўным кокетствам узьнімалі бліскуча-зялёную росную адзежу і паказвалі сакавітую смугласьць сваіх крамяных ног.

Любыя, ціхія хвойкі!

І жаўранка…

Кроплі расы на хвойках нагадалі Лясьніцкаму Макрыну. Яна такая самая чыстая і бязьвінная.

Каго больш хочацца ўбачыць: яе, ці Раісу?

У той чорны час, калі хвароба бацькі была прывязала яго да варожае вёскі, калі жыцьцё ўшчаміла было яго ў жалезныя клешчы глухіх супярэчнасьцяй (цяпер — сьмешна, як успомніш пра гэта, а тады-ж усур‘ёз хацеў утапіцца ў Дняпры) — у той чорны час Макрына, распрадаўшы насьпех сваю маемасьць сабралася і паехала ў горад. З ім не разьвіталася — яны так ні разу й ня ўбачыліся пасьля той многазначнай гутаркі.

Прайшла гэта зіма для Лясьніцкага ў чарнаце беспрасьветнага суму, у няўпынным зьнібеньні збалелага сэрца. Цяпер, калі азірнешся назад, прад вачмі жудасна разгорнецца непраглядная процьма і патыхне адтуль ледзяным бяспрытульлем, і незразумелы холад апаўе ўсяго прыкрай дрыготай. З процьмы мінулага ўсё выглядае крывым, пакарожаным — ня твары там, а грымасы, не падзеі, а дзікія страшныя дзівацтвы. Прайшла гэта зіма для Лясьніцкага ў глухім мятушэньні на месцы, бо сьціснуты быў ён у чатырох сьцянах роднай хаты, замураваны ў склепе цяжкой адзіноты — звонку напірала цёмная варожасьць вёскі, праз якую праходзіла ў фантастычна-заблытаных формах тое невядомае, новае, што бушавала наўкола. Было незразумела і страшна.

Вясна прынесла бацьку здароўе, а Лясьніцкаму сьвежы подых надзей і імкненьняў, вясна разьвязала яго маладыя крыльлі, прынадна адкрыла прад ім ахінутыя новай цеплю прасьцягі. І пайшоў ён тады — вольны, бязрупатны — шукаць сваіх сьцежак-дарожак, шукаць такога прахону, праз які-б можна было выйсьці з заклятага чорнага кола. А мо‘ й яшчэ чаго-небудзь, бо часта, ой часта луналі ў ваччу салодка-знаё-