— А гэта ўжо ведалі, мусіць, за што… Некаторых зусім ня пыталіся…
Лясьніцкі закіпеў:
— Я думаю, што кожны грамадзянін можа знаць, што робяць прадстаўнікі ўсёй грамады.
Рыгор нібы памякчэў.
— Папытайся ў воласьці, што ты ў нас пытаешся…
— Хіба ён у воласьці?
— А так. Яшчэ ўчора адправілі ў распараджэньне.
І Рыгор праводзіў Лясьніцкага той-жа едкай усьмешкай, якой і сустрэў, толькі ўжо ня вёў яе ў бок, а ўпяў проста ў яго ды больш выразна, чымся раней, заблішчэў злымі вачмі.
А Лясьніцкага ахапіла злосная ўпартая рашучасьць. Перш ён падумаў быў, каб пайсьці дамоў ды запрэгчы каня, але потым схапянуўся:
— Дома напэўна затрымаюць.
І зараз-жа, не заходзячыся дамоў, падаўся пяхотай у воласьць.
У воласьці доўга глядзелі на яго з дапытлівым недаверрам, падазрона шапталіся, патрабавалі, каб ён паказаў свае дакумэнты і нарэшце далі яму зусім нечаканы адказ:
— Ужо гадзіна, як яго выпусьцілі.
Лясьніцкі пацягнуўся назад — да краю зьбянтэжаны, працяты злосьцю, дасадай і вострым пякучым сорамам. Ён страшэнна каяўся, нашто пайшоў быў, нашто наогул так горача ўцяўся ў гэтую справу.
Да яго прыходу ўся ўжо вёска ведала, што ён прыехаў з паненкай, што хадзіў у воласьць выручаць „Карлу“, што нават не зайшоўся, прыехаўшы, у родную хату. І ўсе пазіралі на яго з пагардлівым адчужэньнем, з варожасьцю, як на нейкага брыдкага злачынца. Ён чуў гэта і мімаволі тупіў у дол свае вочы і ўсё прысьпяшаў ход, разважаючы з нейкай ліхаманкавай пасьпешнасьцю:
— Зайсьціся, пабачыцца ды зараз-жа ехаць… Сягодня-ж… адразу… толькі зайсьціся…