— А дзе Карл Іванавіч?
Пан прыняў трывожна-маркотную міну, з глыбокай скрухай уздыхнуў.
— Забралі Карла Іванавіча, арыштавалі… Нейкае дзікае бязладзьдзе пайшло тут у нас. Робяць, што хочаць, не баяцца нікога, свавольле, самаўладзтва ўсюды… Ужо й зямлю нашу забралі, лес раздаюць каму-хоця… Нейкая дзікая зьвярыная анархія…
Раіса перабіла яго:
— Даўно арыштавалі?
— Тры дні ўжо.
— Яму нічога не пагражае?
— Хто-ж іх ведае, дзетачка. Усё ў іхнай волі. Зробяць, што толькі захочуць.
Раіса зьвярнулася да Лясьніцкага, спакойна, троху сарамліва ўсьміхнулася.
— Васіль Данілавіч! Выбачайце, што я так часта карыстаюся дадзеным мне правам… Але-ж мне няма да каго больш зьвярнуцца. Вы тут ведаеце ўсіх, яны таксама вас ведаюць добра. Я прашу вас толькі дакладна даведацца, у чым тут справа, і што можна зрабіць, каб памагчы яму.
Лясьніцкі згадзіўся. Ён запытаў, хто на вёсцы кіруе гэтымі справамі, і аказалася, што ўсім заварачвае камітэт і што на чале яго стаіць Рыгор.
— Я пайду зараз-жа і аба ўсім даведаюся. Я зраблю ўсё, што толькі здолею, каб як хутчэй ліквідаваць гэта непаразуменьне. І ён пайшоў, троху зьдзіўлены тым роўным спакоем, з якім сустрэла Раіса вестку аб арышце свайго роднага дзядзькі.
Рыгор сустрэў яго едка накіраванай некуды ў бок усьмешкай, запытаў з варожым закідам:
— Што, паненку прывёз з гораду?..
Лясьніцкі чамусьці зманіў:
— Сустрэліся на станцыі, дык разам прышлі. Слухай, Рыгор, што гэта здарылася тут з „Карлам“, за што яго арыштавалі?