Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/240

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тады ў Лясьніцкага ў думках рэзка, нахабна мільгнула:

— Што гэта? Расквітваецца?..

Бацька Раісы жыў пасьля пажару на вёсцы, у папоўскім доме. Палавіну вёскі трэба было прайсьці ім да гэтага дома. Лясьніцкі бачыў, як у вокнах зьяўляліся цікавыя твары дзяцей, як сьледам за імі прыліпалі да шыб ня менш цікавыя твары дарослых — усе праводзілі іх зьдзіўлена-усьмешлівымі поглядамі. Лясьніцкі фізычна адчуваў на сабе прыкра-калючае прыткненьне гэтых поглядаў, і ў яго ўсплывала едкае пачуцьцё ніто сораму ніто адчаю, ад якога хацелася пабегчы, уцячы, зьнікнуць ад людзей і ад самога сябе.

Раіса папрасіла яго зайсьці на хвіліну да іх.

— Тата страшэнна спалохаецца, што я адна… Вы мне пасобіце запэўніць, што ўсё было добра, што я нічым не рызыкавала, выправіўшыся ў гэту дарогу. Добра?..

Гэта быў першы выпадак, калі Лясьніцкі з вялікім нездаволеньнем выконваў просьбу Раісы — дужа не хацелася яму сустракацца з старым панам.

Пан быў ужо ўстаўшы. Ён сустрэў дачку з спалохана-сумятлівай радасьцю, па старчаму разам сьмяяўся і плакаў, шапялявіў у пасьпешным хваляваньні:

— Божа мой!.. Як-жа ты?.. Дачушка, дзетачка… У такую пару… адна… родная… як-жа гэта ты?..

Раіса нецярпліва прымала сьлязьлівыя бацькавы ласкі, сьпяшалася яго заспакоіць:

— Я не адна, тата, я з Васілём Данілавічам… І нічога тут страшнога… Да-душы, татачка, усё было зусім-зусім добра… Вось і Васіль Данілавіч можа сказаць…

Пан заўважыў Лясьніцкага, ветла яму заўсьміхаўся.

— А-а-а… малады чалавек… Я ўжо недзе бачыў вас… Ага, помню-помню… Шчыра дзякую. Шчыра дзякую… Ведаеце, у такі нядобры час усё можа здарыцца… Дык як, нішто, добра праехалі?.. Сядайце, калі ласка!..

Лясьніцкі для прылікі нешта сказаў пра дарогу, але сесьці адмовіўся, сказаў, што зараз пойдзе дахаты. У гэты момант Раіса запытала: