такое ўражаньне. Можа гэта таму, што ня бачыў нічога ён у мокрай цемры, а йшоў за Халімам, паклаўшыся на яго правадырства. І яшчэ чамусьці здавалася Лясьніцкаму, што гэта вецер наўмысьля шум уздымае, каб заглушыць тое, што дзеецца недзе там, угары. А там напэўна нешта цяпер разгулялася. Можа там мітусяцца акраўкі калматыя хмар, у перагонкі гуляюць па чорнаму небу? Можа там зьбіраецца чорны натоўп, каб зьвіснуць катлом над самай зямлёй, і, дачакаўшыся зручнага моманту, рынуць уніз шырокім, шумлівым дажджом?..
Хлопцы йшлі моўчкі. Халіма ныраў у цемень з нейкай наўмыснай пасьпешнасьцю, быццам хацеў уцячы ад Лясьніцкага, або падражніцца, прымусіць прабегчы трушком, каб не астацца. Лясьніцкі часта трапляў нагой у нейкія лужыны і тады злаваўся на Халіму, што ён сігае так, не зважаючы на яго, нібы й забыўся зусім, што ён тут. Але злосьць зараз праходзіла, сьціралася пачуцьцём урачыстай таемнасьці, чаканьня нечага нязвычайнага, важнага.
Халіма спыніўся ў вузкім нейкім завулку каля старых пахіснутых варот.
— Тут… прышлі…
Голас яго быў сьцеражліва прыдушаны, нізкі. Лясьніцкі запытаў дрыжачым шопатам:
— А як увайсьці?
— Зараз.
Халіма паляпаў у фортку. Зараз-жа ім адчынілі і правялі праз брудны двор і брудную кухню ў цямнявы пакой, асьветлены невялікай газавай лямпай. Тут сядзела некалькі чалавек, сярод якіх з вялікім зьдзіўленьнем і радасьцю Лясьніцкі пазнаў трох сваіх аднаклясьнікаў і аднаго настаўніка. Рэшта былі нейкія незнаёмыя і падазроныя абшарпанцы з тварамі настолькі-ж сьмешнымі, наколькі сур‘ёзнымі.
Лясьніцкі сеў на ложак. Ён з вялікай патугай трымаў на твары сур‘ёзную міну, бо нутро яго проста ірвалася ад раптоўнага прыліву гульлівае весялосьці. Радасна было ад думкі, што вось і ён прышоў на нейкую справу, на важную справу, напэўна, бо чаго-ж бы іначай былі ўсе такія сур‘ёзныя?