Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/238

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шэры натоўп, у нутры ў яго пачынала расьці тая разгонная лёгкасьць, вальготнасьць, якая характарызуе псыхолёгію паўстаньня, якая вырастае з протэсту супроць усяго таго, што гняло дасюль, што адбірала вольную волю. Калі ён слухаў, як на лятучых, тут-жа ў вакзале або на пэроне наладжаных мітынгах з радасна-ўрачыстым запінаньнем (бо ня ўмелі) гаварылі шэрыя салдаты свае нямудрыя прамовы, у якіх з асаблівым замілаваньнем выгаварваліся крывава-блізкія словы „мір“, „зямля“, „заводы“, — дык у яго сьціскалася сэрца і хацелася самому гаварыць, хацелася зрабіць нешта, пайсьці куды-небудзь з гарача-распаленымі вачмі, з вольным захапленьнем.

Але зьяўлялася прыкра-даўкая думка, што ён ня можа, ня ўмее быць разам з усімі, што ён чамусьці збоку стаіць, што не запрошан на гэты бурлівы баль, нават не разумее яго гістарычнай сутнасьці і справядлівасьці. Разам з гэтай думкай выплывала ў уяўленьні вёска, мільгала чорная варожасьць, тупое неўразуменьне, якое жорстка застрала паміж ім і сялянамі. І было тады дужа няёмка, хацелася схавацца куды-небудзь, уцячы ад самога сябе.

У адным кутку вакзала ён убачыў ідылічна-сьмешную карцінку. На нейкай скрынцы сядзелі поплеч афіцэр і салдат — абое п‘яныя. Афіцэр абнімаў салдата і ўсё тлумачыў, што яны цяпер роўныя, што яны любяць адзін аднаго і г. д. А салдат у гэты час задуменна спусьціў галаву і ціхенька пеў тонкім, але поўным заўзятай гульлівасьці голасам:

Па… ці… рала я калечка-чка.
Па… ці… рала я любоў —
Я любоў.
Наверна,
Па… ці… рала я любоў…
І… з-за… гэтага калечка-чка
Бу… ду… плакаць дзень і ноч —
Дзень і ноч.
Наверна,
Бу… ду… плакаць дзень і ноч…