чалі ў нейкім шалёным запале, патрабавалі, каб зноў вывелі, паказалі Духоніна. На пляцоўцы зьявіўся Духонін. І вось тут адбылася крывавая драма. Як толькі паказаўся недалужна-спалоханы твар генэрала, нешта завілося ў натоўпе — такое едкае, вострае, нешта звыш таго гнеўнага абурэньня, і пачало шпарка-шпарка расьці, закруцілася віхрам, зьліло ўсіх у адно агнёва-прагнае, дзікае, скрывіла твары аднэй нечалавечай грымасай.
Першы ўдар грамозднага матроса паслужыў сыгналам. Быццам усе напружна чакалі гэтага першага ўдара, быццам узрадваў ён усіх — узьвіўся рэзкі, нявыразна-дзікі крык, грузна матнулася ў паветры скарабачанае цела генэрала, усе сударгава памкнуліся туды, да яго, — і перамяшалася ўсё ў нявымоўна-тлумным, нечалавечым.
Быў адзін момант, калі пад напорам задніх радоў пераліваўся некалькі раз натоўп праз тое страшное месца, і тады невядома было, дзе ляжыць крывавы кавалак мяса, і людзі, перабягаючы праз яго і спатыкаючыся, пэцкалі ногі ў сьвежую кроў.
Потым матросы, што вартавалі поезд, разагналі народ, зараз-жа нечым накрылі абязьвечаны труп і праз момант панясьлі некуды на насілках.
Здалося Лясьніцкаму, што ў гэты момант шырока пранёсься недзе ў паветры ўздых здаволенага палягчэньня. Яго ахапіла дзікая жудасьць, ён застросься ўвесь, быццам фізычна пачуў ледзяны подых сьмерці. Потым туманна ўсплыло ў памяці, што ў той гарачы момант у яго ў самога сударгава сьціснуліся былі кулакі і ён разам з усімі быў памкнуўся наперад, гатовы ўпіцца ў бясьсільнае акрываўленае цела. І яшчэ чорна мігнула страшное падазрэньне, што ў той дзікі радасна- крыважэрны крык уліўся быў апантаным віскам і яго ўласны голас.
Ідучы ад крывавага месца, ён ня мог зірнуць у твар сустрэчным — яму здавалася, што яшчэ ня сьцёрлася тая грымаса, што яшчэ чакаюць нечага, што жорстка стаіць ува ўсіх маўклівае запытаньне:
— Хто наступны?