Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/231

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вузёл контр-рэволюцыйных настрояў і чыннасці, якім зьяўлялася стаўка.

Горад сустрэў надыход гэтае новае фатальна-напорнае сілы з сумятліва-трывожным спалохам, з жахлівым недаверрам. Востра-сіберным ветрам пранеслася ўраз па ўсім горадзе шпаркая вестка:

— Матросы! Матросы прыехалі! Бальшавікі! Страшныя, злосныя, як зьвяры… Поўны горад панаехала, няма куды дзецца.

Тады некаторыя з жахам хаваліся ў свае прытульна-бясьпечныя норы, а хто сьмялейшы — беглі на галоўную вуліцу падзівавацца, што там за такія дзікія заморскія зьвяры.

Па вуліцы праходзілі жорстка-сьціснутым строем аддзелы ліхіх маракоў — усе, як адзін, буйныя, дужыя, поўныя хмурай сур‘ёзнасьці, поўныя адчуваньня сваёй колектыўна-дружнае сілы. Ад іх сапраўды веяла жудасьцю — чулася ў іх жалезна-злучанай масе вялікая бязьлітаснасьць паўстаньня, бязьмежна-грозны замах на ўсё абвыклыя для людзей умоўнасьці, на ўсе законы — такія непатрэбныя, лішнія ў часе крывавае барацьбы на жыцьцё і сьмерць.

Лясьніцкі з Раісай надвечар прыехалі на станцыю. Адразу, як увайшлі яны ў памяшканьне вакзалу, іх страшэнна зьдзівіла, што тут зусім ня многа людзей, што няма таго шэра-зьлітага густога натоўпу, якім звычайна поўніліся ў той час чыгуначныя станцыі. Потым ім стала зразумела гэтае дзіўнае зьявішча, калі й яны далучыліся да гледачоў жудасна-крывавае драмы.

Лясьніцкі запытаў у нейкага чыгуначніка, калі будзе пасажырны поезд. Той безнадзейна махнуў рукой.

— Хто яго ведае!.. Цяпер на пасажырных ня езьдзяць… Пашукайце лепш эшалона якога…

Лясьніцкі зьдзіўлена на яго ўтаропіўся.

— Тут-жа зусім мала народу!

— Ого! Паглядзіце-тку, што робіцца на пэроне.

Тут Лясьніцкі пачуў прыглушаны чорны гуд нявіднага натоўпу. Ён прапанаваў Раісе выйсьці паглядзець, што робіцца на пэроне. Яна згадзілася.