Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/225

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

недалужна гоўтаўся човен буржуазна-дэмократычнага ладу і ледзьве ліпеў, апанаваны ўздымам ліхой навальніцы, во-во гатоў быў захліпнуцца, зьнікнуць у нетрах разбушаванай стыхіі.

Здань небясьпекі супроць волі ашалелага кодла вольных ці нявольных паслугачоў буржуазіі прымала з кожным днём выразныя пэўныя формы, і ўжо мінорна-ўзьнятыя песьні аб безадказнай анархіі, аб дэмагогічнай рабоце невялічкай групы кайзэраўскіх наймітаў, прысланых затым, каб распаліць крыважэрныя інстынкты цёмнае масы і гэтым загубіць моц „вялікай Расіі“, — усе гэтыя песьні дашчэнту страцілі сваю праканаласьць, гучэлі, як хваравіты ёкат ахопленага перадсьмяротнай агоніяй зьвера. Здань небясьпекі бязладнаму ладу зьбянтэжанай буржуазіі паўставала пагрознай веліччу ў яскравым выглядзе магутнага абурэньня працоўных, у настойным, усё больш і больш організаваным патрабаваньні міру, зямлі, заводаў і фабрык — таго, што складала для рабочага і селяніна сапраўдную волю, сапраўдную дарогу да новага лепшага жыцьця.

У гэты час з нябачанай шпаркасьцю рос уплыў партыі бальшавікоў, якая бязьлітасна раскрывала працоўным сутнасьць і сапраўдныя замеры ўлады Керанскага, якая нязьменна вяла іх да ўзброеннага захопу ўлады. За бальшавікамі дружнай сьцяной ішлі рабочыя, якія настойна штурхалі на рашучы рэволюцыйны шлях свае баявыя Саветы. За бальшавікамі ішлі на тысячы вёрст раскіданай сярмяжнай масай сяляне, якія пакрылі ўвесь бязьмежны абшар „Расійскай імпэрыі“ агнём пажараў, грымотамі стыхійна-магутнага руйнаваньня.

У чорнай трывозе, у глухіх гнеўных грымотах набліжаўся страшны судны дзень, вырастаў буяны віхор вялікага народнага бунту, загараўся нябачаны ў сьвеце пажар.

Напорна ішло нямінучае, грознае.

А ў горадзе, дзе давялося перабываць гэтыя дні Лясьніцкаму, стаяў той самы бязладна-распушчаны дробна-сумятлівы застой, які павёўся аж з таго часу, калі ліквідавалі