Яна перастала сьмяяцца, але вочы яе загарэліся нечым другім — цьвёрдым і страшным. Яна раптам устала, зьняла са сьцяны бізун і падала яму.
— Я вінавата, я — дрэнная… Набіце мяне, Васіль Данілавіч!.. Ну, бярыце… біце… ну біце мяне, чуеце?.. Чаго стаіцё?.. Я хачу, я прашу вас… ну ўдарце… Васіль Данілавіч…
Лясьніцкі няўцямна глядзеў на яе, ня ведаў, што рабіць, А яна ўсё больш і страшней блішчэла вачмі і гаварыла з нейкай хваравітай пасьпешнасьцю:
— Вы ня хочаце? Так? Вы баіцёся? Ага, я разумею… вам страшна… ха-ха… мужчына!.. Страшна, так?.. Страшна?.. дык вось вам, ха-ха… вось… вось…
І яна некалькі раз з усяе сілы ўдарыла яго бізуном — і сьмяялася дзіўным нейкім, злорадасным сьмехам:
У Лясьніцкага пацямнела ў вачох, Абураны раптоўным гневам ён інстынктыўна кінуўся на яе, схапіў за руку і… убачыў горда-прыветную любую ўсьмешку, поўную глыбокай непераможнай спакусы. І ён, абязволены, пацалаваў маленькую белую ручку, якая яшчэ трымала бізун. А яна тады блізка, зусім блізка ўся да яго нахілілася і загаварыла-зашаптала, палка бліскаючы прамяністымі зеленаватымі вачмі:
— Помніце ўмову? Вы казалі, што пакахаеце… Я хачу, каб вы пакахалі… Васіль Данілавіч, я дужа страшная, небясьпечная жанчына… Я магу пагубіць… Хочаце, я пагублю вас, хочаце?.. Я пагублю вас сваім каханьнем… Вы баіцёся? Так? У, які вы трус, Васіль Данілавіч… Ну хочаце — я вам аддамся? Я дам глыбокую, поўную асалоду… я пагублю… Васіль Данілавіч… Вася, любы мой… ну зараз… во тут… я сама… я разьдзенуся… я пакажу вам цела сваё — вы такога ня бачылі… У мяне цудоўна-прыгожае цела… Вася, Васечка… хочаш? Хочаш пагібнуць? Давай разам… у каханьні, у шчасьці… Любы… другі… Ты — другі, мучыцель мой, шчасьце маё…
Яна нахілялася да яго ўсё бліжэй, абдавала твар яго сваім гарачым дыханьнем, распальвала кроў блізкай цеплатой свайго цела. І вось замуціў галаву яму агнёвы тлум, ён забыўся на ўсё-чыста, нічога ня бачыў, бачыў толькі скрозь