Вось ён і ня вучыцца, бадай што малапісьменны, а ведае ўсё і, самае галоўнае, мае нешта сваё, сваю пэўную думку, свой інтарэс. І ён можа нешта рабіць, можа сам прымаць удзел у гэтых дзіўных незразумелых падзеях. Мо‘ ён і цяпер вось быў на сходзе якім, мо‘ ён ужо ў якую-небудзь партыю запісаўся… Хіба спытацца ў яго?
— Слухай, Андрэй… Дзе ты быў цяпер?
Той памаўчаў важна з хвіліну, быццам і не пачуў запытаньня, і праказаў потым адмыслова няўважным тонам, нібы гаварыў пра нейкае глупства:
— Так… Зьбіраліся там нашы хлопцы…
Лясьніцкі больш пытаць ня важыўся. Ішлі некаторы час моўчкі. Як ужо падыходзілі к дому, Андрэй раптам спыніўся і сказаў Лясьніцкаму з нечаканай мяккасьцю і шчырасьцю:
— Ты, Лясьніцкі, учора прайграўся дашчэнту. Я выйграў усе твае грошы. На, я аддам табе іх.
Лясьніцкі загарэўся ад сораму, паспрабаваў адгаварвацца, але ня вышла нічога. Андрэй дастаў грошы і, рашуча спыніўшы яго адгаворы, паклаў іх яму ў руку.
Толькі тады, як прышлі ўжо дамоў, Лясьніцкі схапянуўся, што грошы браць зусім ня трэба было, што цяпер яшчэ горш яму сорамна, што ён цяпер блазен супроць Андрэя, — Андрэй паступіў з ім, як з маленькім дзіцём. Кінуўся быў адразу Лясьніцкі, каб аддаць назад гэтыя грошы, але падумаў, што выйдзе сьмех толькі з гэтага. Тады сьціснуў зубы і ледзь не заплакаў ад сораму й злосьці.
З Андрэем пасьля таго Лясьніцкі стараўся ня бачыцца, бо чуў да яго нейкую незразумелую тупую варожасьць.
РЭВОЛЮЦЫЯ ўціскалася ў горад замаруджана, туга. Багамольнае, монархічна вастроенае гарадзкое мяшчанства чытала газзты, пускала розныя, часамі страшэнна недарэчныя, плёткі і, вохкаючы, жалячыся на дарагоўлю харчоў, чакала ўсё нечага, што нямінуча прыдзе і зьнішчыць тую няпэў-