Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/218

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзядзя Міка з урачыстым шумам разьдзеўся і ўкаціўся ў пакой вясёла-бліскучай салодкай кружэлачкай.

— Выбачайце, кацянёначак, я толькі на дзесяць… усяго на дзесяць хвілін спазьніўся… Я быў…

Раіса яго спыніла з жартлівай рэзкасьцю.

— Стоп! Маўчыце! Ідзіце сюды, ну? Доўга я буду чакаць? Нагніцеся… так… вось вам, вось вам, ня ўчыцеся пазьніцца, вось вам.

Яна досыць сур‘ёзна драла яго за рэдзенькі хохлік, і яму, небараку, відаць з вялікай патугай удавалася ўтрымаць у сваім жартлівым айканьні нотку здаволеньня. Потым Раіса пазнаёміла дзядзю Міку з Лясьніцкім. Вітаючыся, ён зірнуў на Лясьніцкага з нейкім пабрацімскім спачуваньнем, быццам сказаў гэтым поглядам:

„Ага, разумею… Таварыш па няшчасьцю“…

Лясьніцкаму не ўпадабаўся гэты погляд. Наогул, з прыходам дзядзі Мікі прыляцела ў пакой нешта з чужога, незнаёмага Лясьніцкаму сьвета, нешта занадта для яго лёгкае, лятуча-пярэстае. Яму незразумелы былі ні жарты дзядзі Мікі, ні шумлівая вясёласьць Раісы — яе кароткі, няпоўны, быццам прысьпешаны сьмех. Было такое ўражаньне, што перайшлі яны з Раісай з аднаго пакоя ў другі, і ў тым першым асталася іх глыбокая блізкасьць, асталося тое бязьмежна-салодкае адчуваньне. Тут, у гэтым шумлівым пакоі, Раіса была ўжо другая.

Каб канчаткова не сапсаваць сабе настрою, Лясьніцкі не па доўгім часе разьвітаўся і вышаў. І сапраўды, не пасьпеў ён прайсьці і сотні крокаў, як разьвеялася гэта няпрыемнае, чужое, і ў поўнай яскравасьці вярнулася ранейшае захапленьне. І чым далей ішоў, тым гусьцей заплывала сьвядомасьць шумлівай хваляй салодкага чаду, і сэрца тлумней пачынала біцца, ахапляў нейкі радасна-рашучы вольны настрой, падкрэсьлены шчымлівым адчуваньнем злачыннасьці, незаконнасьці гэтага палкага шчасьця. Такі настрой бывае ў дзіцяці, калі яно, заместа лекцый, бяжыць куды-небудзь на ўлоньне прыроды і з вольнай радасьцю аддаецца прыгожым