Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/217

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Лясьніцкі сядзеў у Раісы, вязка атулены нейкім атрутна-салодкім чадам. Яна потым іграла на роялі шчымліва-сумныя мэлёдыі, і ў яго ціха плакала сэрца, да краю поўнае пяшчоты і ласкі. Ён заплюшчваў вочы і слухаў, і тады ўсе думкі і пачуцьці, уся істота зьлівалася ў адно адчуваньне — гэта адчуваньне было зусім матар‘яльнае — яно было туманна-ружовае, расплыўчастае і пабрадзенае чароўна-мудронай сыстэмай празрыстых складак.

Калі кончыла Раіса іграць, у Лясьніцкага палахліва зашчымела сэрца — ён пачуў, што трэба йсьці, бо ўжо прайшло гадзіны паўтары. Аднак Раіса дазволіла яму астацца да дзесяці, а потым, падумаўшы, і яшчэ працягнула тэрмін.

— У дзесяць дзядзя Міка прыдзе, але вы можаце пры ім аставацца.

Яны селі поплеч на канапу, яна ўспомніла, што ён умее расказваць і загадала яму гаварыць „рознае глупства“. У ўзнагароду за гэта яна дала яму ў поўнае распараджэньне сваю левую руку. Ён пачаў гаварыць і сапраўды гаварыў клясычнае глупства, бо быў больш заняты бясконцым цалаваньнем „свае“ рукі і адчуваньнем салодкай бязьмежнасьці свайго нечаканага шчасьця.

Троху пазьней, чым а дзесятай гадзіне, прышоў дзядзя Міка. Дзядзя Міка цалком адпавядаў сваёй назьве. Гэта быў забаўны тоўсьценькі чалавечак, насычаны кругленькімі заўсёды нарыхтаванымі жарцікамі, з арыстократычна-грэблівай мінай на твары, з наіўна скруглёнымі, як у дзіцяці, вачмі. Ён мог пражыць цэлы век (пражыць цёпленька, тоўсьценька) і быць нязьменна для ўсіх вялікім сьмешным дзіцём, над нязграбнай наіўнасьцю якога заўсёды можна весела і бескаранна пасьмяяцца. Ён умеў так глыбока хаваць сваю тонкую каціную хітрасьць, што мабыць часамі і сам на яе забываўся, і сапраўды быў тым добрым вясёлым прастачком, за якога яго ўсе ўлічалі.

Раіса сустрэла дзядзю Міку з бурнай радасьцю.

— Дзядзя Міка! Коцік, золатца маё… Хадзіце хутчэй сюды… Я так вас чакала, так чакала.