тэжыць Славіна, нечакана адкрыць яго няхітрыя карты. Як толькі той кончыў свой верш, ён ні з таго, ні з сяго запытаў яго — проста, быццам да рэчы прышлося:
— Ты, што, Нікадзім, любіш Ніну?
Аднак вышла зусім іначай. Славін і не зварухнуўся — адказаў так-жа проста, як і запыталі ў яго:
— Здаецца, люблю… Але я яшчэ сам ня ведаю… Толькі я ня хочу, каб яна ведала, нават каб дагадвалася… Ты не скажы, Васіль, я прашу цябе…
І зноў задумаўся, адвёў некуды ў куток свае вочы.
Тады адкрылася Лясьніцкаму сапраўдная прычына таго дзіўнага ўзрушэньня. Але ён абяцаў Славіну, што нікому ні слова ня скажа з усяго таго, аб чым яны гаварылі ў той дзень.
З ДАПАМОГАЙ Андрэя і Халімы Лясьніцкаму ўдалося паступіць на пасаду пісара ў адну мясцовую вайсковую часьць. Ён з асаблівым здаволеньнем напрануў вайсковую форму і разам з новай адзежай пачуў сябе новым чалавекам. Яму давала вялікую радасьць думка аб тым, што цяпер ён ужо зусім самастойны, што ён сам зарабляе сабе на хлеб, ні ад каго не залежыць. Асаблівую-ж уцеху давала вайсковая вопратка. Ён ня мог проста ўседзець у хаце — усё карцёла прайсьціся па гораду ў новай салдацкай шынэлі — з пустымі, але чысьценькімі пагонамі на плячох.
І вось у гэтыя шчасьлівыя дні выпала Лясьніцкаму яшчэ нечаканая радасьць: ён сустрэў тут, у горадзе, паненку Раісу.
Гэта было ў нейкі сьвяточны дзень. Ён ішоў па аднэй з бязьлюдных вуліц гораду, аддаўшыся прыемнаму адчуваньню на плячох лёгкага цяжару свае шынэлі. І раптам наперадзе, крокаў за пятнаццаць, ён заўважыў Раісу. Ён адразу пазнаў яе, нават ня ўбачыўшы ў твар, бо такой прыгожай любай хады ён ня бачыў ні ў воднай жанчыны. Яна ішла лёгка, спрытна і ў той самы час з ледзь прыметнай млявай