Гэта было неяк надвечар каля сквэру, што на аднэй з цэнтральных вуліц гораду. Лясьніцкі падышоў у той момант, калі ў невялічкім шчытным гуртку вайсковых зважна спрачаліся карнілавец з салдатам ягор‘еўскага батальёну. Лясьніцкі спыніўся і прыслухаўся. Яму адразу кінулася ў вочы, што супярэчнікі больш захоплены сваёй рыторычнай спрытнасьцю, чымся зьместам самае гутаркі — гэта было відаць па іх вытрымана-задорных, поўных спакойнага самалюбаваньня фізыономіях, па тым, як кожны, падаўшы чарговую рэпліку, здаволена прыслухоўваўся да сьмеху і вясёлых адгалоскаў у спачуваючай яму частцы натоўпу. А ў сутнасьці, відаць, абодвым было ўсё-роўна, ці будзе езьдзіць на рэволюцыі казачы генэрал Карнілаў, ці эсэраўскі адвакат Керанскі. З такім імпэтам звычайна спрачаюцца аматары скачак аб тым, які выйграе конь: ці вараны з белай зоркай на ілбе, ці рыжы, белакапыты. А тымчасам ні ад тога, ні ад другога, ні аднаму ні другому няма ніякай карысьці. Толькі яшчэ прыметна было, што як супярэчнікі, так і публіка нечым нэрвова ўстурбованы, што яны шукаюць якога-б ні было спосабу, каб выліць сваё нутраное напружаньне.
Дзякуючы пад‘юджваньню слухачоў, супярэчнікі ўсё больш і больш распаляліся, паступова саскаўзваючыся з узвышша тонкай політыкі на чыста-асабовую глебу. Канец іх спрэчкі быў прыблізна такі:
— Многа ты разумееш… Твой Карнілаў — такі самы дурань, як ты…
— Хай сабе дурань… А ты вось слухай толькі гэтую мяліцу Керанскага, дык яшчэ больш вушы вырастуць. І так ужо, як у асла…
— Вушы — глупства, абы нос ня скрывіўся… А то-ж во… так і верне на Воршу… Зьбіў нехта, бо дужа жосткі… Во, во… ха-ха!..
— Памалу, не паднасіся… І да твайго недалёка, дармо, што маленькі… Бачыў во гэта?..
— Ты што… біцца, га?
— А ты чаго лезеш?..