сільную барацьбу ў Савеце, сярод рабочых, на вёсцы. У самым разгары гутаркі раптам загрымеў сьмелы грукат у дзьверы. Ніна пайшла адчыніць, і праз хвіліну ў кухні заклычыўся хрыплы, з падсьвістам голас, які належыў, відаць, нечаму вялікаму, неўвароткаму. Лясьніцкі здрыгануўся. Гэты голас здаўся яму назольліва-знаёмым і чамусьці да болю няпрыемным.
І вось у пакой уваліўся той чырвоны рабочы ў скураной аблезлай тужурцы, з якім калісьці была ў Лясьніцкага прыкрая сустрэча на маніфэстацыі.
Рабочага сустрэлі ўсе радаснымі прывітаньнямі, ён пачаў па чарзе вітацца з усімі, асьцярожна сьціскаючы на сваёй шырокай далоні рукі, якія ўсе яму з асаблівай ветласьцю падавалі. І вось ён падышоў да Лясьніцкага. Ён ужо хацеў быў мэханічна з ім прывітацца і пайсьці, не пазнаўшы яго, далей, але Лясьніцкаму самалюбства не дазволіла пакарыстацца гэтым выпадкам, каб пазбыцца няпрыемнага пазнаваньня. Ён перш, чымся падаць рабочаму руку, сказаў рашучым і таму занадта сур‘ёзным голасам:
— Мы з вамі сустракаліся.
Той адступіўся ад сьвятла, пільна ўглядзеўся Лясьніцкаму ў твар.
— А да-душы-ж нешта, знаёмае… Вы не працавалі ў N-ай організацыі?..
Лясьніцкі гатоў быў згарэць ад сораму. Цяпер, пасьля гэтых слоў рабочага ён ужо ня мог, не хапаласіл сказаць аб сапраўдным месцы сустрэчы. Ён стаяў і моўчкі лыпаў вачмі і яшчэ горш мяшаўся ад напружных патуг знайсьці нейкае выйсьце. А пауза рабілася ўжо немагчыма даўгой, становішча было страшэннае. Але-ткі выручыў Славін — пасвойму выручыў, паславінску. Ён падышоў да рабочага збоку, крануў яго правай рукой (левай папраўляў акуляры) і праказаў з спакойнай дзелавітай сур‘ёзнасьцю.
— Ды не, не ў організацыі… Гэта вы яго ў часе лютаўскай рэволюцыі па галаве ўдарылі…