Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І разам з гэтым паўстаў вобраз Макрыны — невялічкай і чорненькай, якую і замужжа не папсавала, толькі паклала на вусны пакутную ўсьмешку, можа й няпрыгожую — хто яе ведае. Але Лясьніцкі, як ёзьдзіў на каляды, дык калі заставаўся з ёю адзін-на-адзін (мужык пайшоў на вайну) любіў глядзець на гэтую горкую ўсьмешку і раз-за-разам цалаваць Макрыніны вусны. Ён тады адчуваў паплыў балючай і горкай пяшчоты, ад якой, здаецца, ірвалася сэрца, і быў шчасьлівы. Таму можа пасьля ён ня мог і ўявіць іначай Макрыну, як толькі з гэтай любай для яго ўсьмешкай, можа й няпрыгожай — хто яе ведае.

І цяпер яна такая-ж на памяць усплыла — разам з вёскай, з палямі ціхімі, з бярозавым гаем, з дзядулькай Дняпром і яшчэ маленькай рачулкай, што палахліва туліцца ў кучаравы хмызьняк.

Вёска й Макрына — палюбоўніцы горкія, крушынавая радасьць яго…

У гэты момант успомніў Лясьніцкі пра маніфэсты, пра адрачэньне цара, пра ўсё тое, што робіцца недзе ў Маскве ці яшчэ можа дзе-небудзь. Захацеў злучыць гэта з вёскай, з сялянскай хатай сваёй, гаспадаркай, каб праверыць, ці добра гэта, ці дрэнна. Але нічога ня вышла, бо ня ведаў ён нічога, не разумеў. Чамусьці толькі таўхануліся ў сэрца ўчорашнія словы Халімы, злосьць яго на жыдоў, таўхануліся нейкай несьвядомай апаскай, турботай.

Тым часам Лясьніцкі, сам таго ня прымеціўшы, прайшоў некалькі вуліц і апынуўся ў незнаёмым нейкім завулку, які праз крокаў сто раздаваўся ў пустыя прахоны гародаў. Тут зусім было падобна на вёску, і Лясьніцкі міжвольна спыніўся, канчаткова аддаўшыся жывым і сьвежым успамінам. Яго вывелі з задумённасьці галасы цэлае купы мужчын, што раптам зьявіліся на парозе дому, ля якога ён спыніўся. Лясьніцкаму стала прыкра, што яго заўважылі і можа падумалі нямаведама што. Ён завярнуўся і хацеў пайсьці, але раптам нехта з гэтае купы людзей гукнуў яго. Ён, здрыгануўшыся, азірнўся і ўбачыў Андрэя, гаспадаровага сына.