Потым ужо, пазьней, дні праз тры можа пасьля прыезду Лясьніцкі быў запытаў у Андрэя пра гэта — запытаў між іншага, быццам гэта зусім няважна яму, проста ўсплыло нешта на памяць. Андрэй-жа стаў адразу сур‘ёзны, нават па твары яго мільгнуў лёгкі цень замяшаньня. Крыху падумаўшы, ён адказаў:
— Па некаторых прычынах я не магу табе расказаць, дзе і як мы сустракаліся. Скажу толькі адно, патаварыску, спадзяючыся на тваю сьціпласьць: сьцеражыся яе, як жанчыны…
Лясьніцкі асалапеў ад нечаканасьці. Ён памкнуўся быў яшчэ запытаць нешта, але Андрэй катэгорычна зьмяніў гаворку і больш ніколі не гаварыў нічога на гэтую тэму.
Гэта было дні праз тры пасьля прыезду. У першыя-ж дні Лясьніцкі ні адным словам ня выказаў сваіх сумненьняў, толькі ўважна прыглядаўся да Андрэя, ды напружна чакаў, ці ня скажа што-небудзь ён сам.
Андрэй прышоў толькі к полудню, прышоў страшэнна змардаваны, цяжка заклапочаны нечым. Ён няўважна, насьпех прывітаўся з хлопцамі і адразу пачаў рэзка, сьпяшаючыся, распытваць пра арышт Халімы. Потым сярдзіта нахмураны хадзіў па пакою, нешта мармытаў сабе пад нос, забыўшыся зусім на тое, што ў пакоі ёсьць, апрача яго, людзі, што гэтыя людзі глядзяць на яго ў прыкрым замяшаньні і ня ведаюць, што рабіць.
Нарэшце, ён спыніўся, з відочнай патугай адагнаў ад сябе назольлівыя думкі, і быццам цяпер толькі ўбачыў хлапцоў.
— Ну дык як, прыехалі, значыць? Як жывіцё? Што цікавага чуваць?.. Ніна, яшчэ не палуднавалі? Давай хутчэй, бо я галодны, як воўк…
Ён быў ужо такі, як заўсёды, быццам і ня было ў яго ніякай турботы, ніякага клопату. За полуднем весела, жвава распытваў у Лясьніцкага пра вёску, пра настроі сялян, пра падзеі, якія адбыліся там пасьля яго ад‘езду, пра ўражаньне ад пажару і г. д. Запытаў і пра Макрыну — і тады наўмысьля