— Ха-ха! Павальготнаму! Гэта ты здорава, хвацка… Ну, хлопцы, бывайце!
Ён парыўчата, моцна — пасвойму — паціснуў рукі хлапцам. Як разьвітваўся з Нінай, наўмысьля не глядзеў ёй у вочы. Хацеў, відаць, і з ёй так, як з хлопцамі, але потым абдумаўся — з нейкай сярдзітай пасьпешнасьцю пацалаваў яе ў лоб.
— Ну, чорнасотнікі, гайда!..
І пайшлі — затаўкліся ў дзьвярах бязладна-шумлівай гурмай. Ляпнулі дзьверы, уляцелі з двара глухія, парваныя галасы і стала ціха, асталася ў хаце балюча-напружаная пустата.
Ніна села на крэсла і прыціхла ў нейкай ненатуральна-застыглай паставе — упяла ў халодна-бялясую пляму вакна нярухомы погляд. Славін падышоў да яе, і, асьцярожна бліскаючы сваймі акулярамі, пачаў яе суцяшаць. Гэта было зусім недарэчы, і Лясьніцкі хацеў спыніць яго, але было неяк нязручна. А Ніна спачатку зусім ня слухала, што ён гаворыць, думала нешта сваё. Калі-ж заўважыла, што Славін яе ўгаварвае, дык нэрвова здрыганулася і зірнула на яго з такой злосьцю, якой Лясьніцкі дасюль ніколі ў яе ня бачыў. Яе звычайна ласкавыя шэрыя вочы наліліся раптам сьлязьмі і заблішчэлі дзікім агнём — яна гатова была, здаёцца, кінуцца кошкай на беднага Славіна. Але гэта было адзін толькі момант. Недалужна-вінаваты выгляд Славіна адразу ўлагодзіў яе, яна мякка ўсьміхнулася і злосьць выкацілася з яе вачэй дзьвюма буйнымі сьлязінамі. Тады Славін зрабіў новае дзівацтва. Ён з нейкай нязграбнай пасьпешнасьцю схапіў яе руку і звонка пацалаваў.
— Я вас разумею, Ніна… Я пазнаю вас…
А Лясьніцкі збоку глядзеў на іх і глыбока шкадаваў абоіх.
ХЛОПЦЫ асталіся жыць у Андрэя — занялі ўдвух Халімаў пакой.
Лясьніцкі ў той дзень нецярпліва чакаў, калі прыдзе Андрэй, дужа хацелася ўбачыць яго. З ім злучаны былі