— Добра. Я ўцяку… Я зраблю гэта для цябе, Ніна. Чуеш?..
Ён зірнуў на Ніну сярдзіта распаленым поглядам. А тая стаяла ля вакна і глядзела некуды ў бок, баючыся крануцца з месца, каб якім-небудзь няўмысным рухам ня выказаць свайго здаволеньня, каб ня спудзіць гэтым нечаканай рашучасьці Халімы. Адзін толькі раз яна спадкрадня зірнула на яго. І ў гэтым яе палахлівым поглядзе скрозь цень трывожнага недавер‘я бліснуў гарачы прамень радаснай удзячнасьці.
Халіма пасьпешна, рашуча пачаў зьбірацца. Праз хвіліны дзьве ён стаяў ужо ў поўным страі — надзеты, узброены — і глыбока моршчыў лоб — можа ўспамінаў, каб чаго не забыцца, а можа хацеў нешта сказаць на разьвітаньне, ды ня ведаў, як тут пачаць.
У гэты момант паляпалі ў дзьверы. Ніна інстынктыўна кінулася да Халімы.
— Хавайся!
Ён усьміхнуўся.
— Позна ўжо — нічога ня зробіш. Ідзі адчыні…
І ў яго голасе выяўна чувалася нотка здаволеньня. Рад быў, што ня трэба лішняга клопату, ня трэба турбавацца. А Ніна зноў стала замкнёнай, цёмнай, больш не сказала ні слова, моўчкі пайшла адчыняць.
Прышло трое салдат. Ува ўсіх на руках былі ўжо знаёмыя хлопцам адзнакі. Халіма сустрэў іх шумліва, вёсела, адразу пачаў расьпяразвацца, зьдзяваць сваю зброю.
— Малайцы, хлопцы, якраз у пару. Колькі цяпер? Роўна дзесяць? Ого, амэрыканская спраўнасьць, хвіліна ў хвіліну… Дык во каго яны прыслалі за мной!.. Слухай, Мірончык (ён зьвярнуўся да самага маленькага чарнявага салдаціка), чорт ты лысы, халера! Ты-ж учора абараняў мяне больш за ўсіх… Які-ж гэта толк у цябе, га?..
Салдацік сумна ўсьміхнуўся.
— Учора іншая рэч была, учора гэта мы так, павальготнаму, таварышамі… А сёньня загадалі, дык і пайшоў… Служба, браток…