Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/191

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

разгортваецца сур‘ёзная рашучая барацьба. Таму ў ціхім бязьлюдным раньні чулі хлопцы цьвёрда затоеную трывогу, чулі паходную салдацкую напружанасьць. І ўва ўсім, што траплялася па дарозе, яны гатовы былі бачыць нешта нязвычайнае, небясьпечнае. Калі сустракалася якая група салдатаў, яны ўжо інстынктыўна туліліся адзін да аднаго, чакалі, што вось іх затрымаюць, павядуць куды-небудзь, будуць дапытваць, мо‘ за шпігоў за якіх улічаць. А ў кожным аўтомобілі, які з сярдзіта-пасьпешным гурчэньнем пралятаў міма іх, здаваўся ім сам „глаўковерх“ Карнілаў, або хто-небудзь з яго галоўных прысьпешнікаў. Кожны аўтомобіль яны праводзілі асьцярожнымі заўвагамі:

— Во тут, мусіць, нейкі дужа важны генэрал паехаў — вокны й то пазавешаны…

— А вунь кулямёты брэзэнтам накрыты, бачыш? Па форме відаць…

— Вось санітарны, на гэткім раненых возяць… І сястра сядзіць… бачыў?

Ужо ў самым цэнтры яны сустрэлі досыць вялікі атрад узброеных салдатаў. Салдаты ішлі ў стройных шэрагах і бязьлюдная ціхасьць вуліцы неяк асабліва выразна і рэзка падкрэсьлівала іх дружныя крокі. У кожнага на рукаве была сіняя перавязка, на якой намаляваны быў чалавечы чэрап і надпіс — „карнілаўцы“. Лясьніцкі першы заўважыў гэтыя перавязкі і таўхануў пад бок Славіна.

— Во… во… карнілаўцы…

Яны несьвядома спыніліся і з нейкім палахлівым задзіўлёньнем глядзелі на салдат, аж пакуль не прайшоў міма апошні шэраг. Мабыць быў у салдат такі ўрачыста-баявы пагрозны выгляд, а мо‘ й тут проста быў вінават трывожны настрой хлапцоў, толькі пачулі раптам абодвы лёгкі павеў напружанае жудасьці, жывы подых крывавае барацьбы. Быццам гэтыя хмурыя салдаты во-во гатовы былі спыніцца, рассыпацца і пачаць страляніну, абсыпаць свінцовай сьмерцю нявіднага ворага.