Тут Славін і сам уздыхнуў. Скарыстаўшы гэты перапынак, Лясьніцкі пачаў гаварыць далей яму ў тон:
— І вось ідзе яе суджаны — зграбны, прыгожы гэрой Нікадзім Славін. Яго акуляры бліскаюць, як сонца, сам ён, як чыстая зорка, як комэта, а за сьпіной у яго астролябія — ён ходзіць па сьвеце і мерыць адлегласьць, і шукае, дзе-б прымасьціцца, адкуль зірнуць, каб убачыць усё хараство свае аблюбёнае…
Тут абое весела зарагаталі. Ідучы далей, яны яшчэ доўга строілі жарты вакол мітычнага вандраваньня Славіна і яго сустрэчы з чароўнай дзяўчынай, пакуль усур‘ёз не захапіліся думкай аб такім бязмэтным, вольным падарожжы, поўным нечаканых прыгод і бясконца-сьвежых уражаньняў. Кончылі на тым, што шчыра, дружна ўмовіліся (нават у захапленьні адзін аднаму рукі паціснулі), каб налёта пайсьці разам у сьвет і, вандруючы, сузіраць жыцьцё, вывучаць яго пярэстыя праявы.
Гэтая гутарка Лясьніцкага з Славіным адбылася была ў самым канцы жнівеня месяца, калі яны з славінскае сялібы выправіліся ў горад шукаць самастойнага месца ў жыцьці. А перад гэтым два тыдні Лясьніцкі жыў у Славіна — ён уцёк быў к яму ад навалы жыцьцёвых нягод, ад балючае блытаніны, у якой недалужна біўся ўвесь час пасьля ад‘езду Андрэя. Два тыдні прайшлі ў шчырых таварыскіх гутарках, дзе былі і ўспаміны, і лятуценьні, і змрокі чорнай роспачы, і смелыя ўзьлёты надзей. Два тыдні гэтыя Лясьніцкага троху заспакоілі. Не таму, што далі адказ на сумненьні яго, а таму, што ня было адзіноты — кожную чорную думку можна было растапіць у агні глыбокае дружбы.
Ад вёскі Славіна да чыгуначнай станцыі было дваццаць пяць вёрст.
ГОРАД сустрэў хлапцоў глухім алавяным раньнем. Яшчэ едучы па чыгунцы, ячы даведаліся аб паўстаньні Карнілава, аб тым, што горад абвешчан на асадным становішчы, што