Тут Славін з выглядам зморанага пераможніка зьдзеў акуляры і пачаў выціраць густа спацелы твар. Без акуляраў вочы яго былі нейкія лысыя і вялыя, як шмотка. Ён недалужна плюскаў імі, змагаючыся з назольліва-сьмелым праменьнем сонца.
Лясьніцкі запытаў з усьмешкай:
— Які-ж сэнс твае гэтае „адлегласьці“? Дзе-ж яе філёзофская сутнасьць?
Славін хітравата ўсьміхнуўся, хвіліну змоўчыў і загаварыў зноў наўмысна разьмераным, расьцяжлівым голасам:
— А вось які сэнс… Выходзіць, што няма нічога няпрыгожага, агіднага, што ўсё-чыста мае сваё хараство і справа ў тым толькі, каб знайсьці пункт, з якога відаць гэта хараство, справа ўся ў адлегласьці. Самую брыдкую рэч можна так паставіць, на такую далячынь, што яна здасца нязвычайна прыгожай… І наадварот: вазьмі найпрыгажэйшую статую або карціну, падыйдзі да яе да самае, дык убачыш толькі фарбу, або гліну ці яшчэ што. Адыйдзіся далей, чым трэба, будзе ізноў звычайная шэрая пляма… Цяпер разумееш?..
— Яшчэ ня зусім.
Славін аж спыніўся, узьняў угару палец і выпаліў з радаснай важнасьцю.
— Усё жыцьцё прыгожае. Няма нічога дрэннага ў жыцьці — усё добрае. Справа толькі ў адлегласьці… Разумееш?.. Вось я раблю цяпер псыхічную трэніроўку. Ты бачыў калі, як сьвеціць прожэктар? Яго косы можна спыняць на любой адлегласьці. Вось ідзе такая сьветлая, белая каса, а потым — стоп, і далей ужо цёмна. Можна яе караціць, даўжыць — як-хоця. Вось нешта падобнае, я адчуваю, трэба прызвычаіцца рабіць з сваёй псыхікай, і тады будзеш бачыць ува ўсім толькі радасьць і хараство, Кожнае зьявішча ў жыцьці можа быць прыгожым, калі толькі знайсьці для яго патрэбную „адлегласьць“. Часамі яна выпадкова сама знаходзіцца. Помніш, як мы ехалі з гораду?.. Нам тады было ўсё прыгожа ў жыцьці, бо мы глядзелі на яго з „залатой