Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

уцішку хавае дапытлівую сур‘ёзнасьць. Ён нават гатоў і паверыць. Ён шчыра жадае паверыць — таму і пільнуе напружна за словамі Славіна, з надзеяй іх аглядае, абмацвае, каб не прапусьціць у каторым залатой крупачкі праўды.

Ад патугі ў Славіна зьбягаюць зморшчкі з ілба аж на пераносьсе і кнопачка-носік лезе ўгару, быццам меціць, дуронік, каб выскачыць з-пад акуляраў і самому ўсьсесьці на іх — досыць ужо панасіў! — або зусім сарвацца і паляцець угару, да сонца.

— Ну вось… можна іначай назваць — справа ня ў назьве… Дон-Кіхот быў сьмешны, бо ён ня знаў меры… У кожнага чалавека ёсьць частка Дон-Кіхота — кожны хоць раз у жыцьці паспрабуе змагацца з ветракамі. А сьмешным астаецца той, хто ня знае меры, хто пераступіць „адлегласьць“. Я даўно думаю аб гэтым. Усё лёта насілася гэта прада мной такім нейкім разьбеглым туманам. А потым акрэсьлілася і стала ясна. Кожная рэч здаецца прыгожай на пэўнай адлегласьці. Абсолютна прыгожага няма. Ёсьць мяжа ўсякага хараства. Калі адыйдзешся далей, чым трэба, расплывецца яно ў нявыразным тумане, калі занадта блізка падыйдзеш — стануць адны пустыя, часам брыдкія формы… Я быў у садзе… Тады было дзіўнае яскравае надвор‘е, і ў садзе быў чысты рай: кветкі, птушкі розныя, аромат… Я хадзіў, аглядаў свае кветкі (ты-ж бачыў, колькі іх у мяне?), ну і, ведаеш, думаў чамусьці аб тым, на якой яблынцы лепш за ўсё было-б засіліцца. Раптам я заўважыў на дрэве шэры камок, неяк дзіўна ўціснуты паміж сучкоў. Я зацікавіўся, падышоў троху бліжэй і аслупянеў. Камок раптам зайскрыўся яскрава-бліскучымі пералівамі, у якіх мігцелі, здаецца, усе колеры, якія толькі ёсьць у сьвеце. Я ўжо падумаў быў, ці ня рэдкі гэта камень-самацвет, ці ня трапіўся мне дарагі скарб, якому мо‘ няма й цаны… Ну, падышоў бліжэй — і аказалася, што гэта трупік сіўкі-варонкі, ужо добра загнілы, у якім капашылася брудная куча мух і чарвей, ад якога ўжо нёсься агідны пах трухляціны. Ты разумееш? Вось тут і адкрылася ўсё, і я зразумеў ісьціну залатой адлегласьці…“