Андрэй з нейкай загадкавай усьмешкай разглядаў мы: сок свайго бота.
— Што-ж, паедзем разам… Вось таксама падарожніца… Пазнаёмцеся.
Ён паказаў на Макрыну. Паненка з пасьпешнай гатоўнасьцю падала ёй руку. Лясьніцкі заўважыў, як ледзь-ледзь крануліся куточкі яе вуснаў, як прасьлізнуў па твары ў яе цень грэблівай грымасы. А Макрына нясьмела ўзяла пешчаную панскую руку, нязграбна яе патрымала і неяк скоранька, палахліва выпусьціла, быццам ня рука была гэта, а страшная гадзюка.
У гэты час аднекуль зьявіўся бацька Раісы. Яна яму весела крыкнула:
— Вось я найшла сабе падарожнікаў!
Пан падазронна азірнуў іхную несамавітую кампанію, але — што зробіш? — прышлося ветла саладжава ўсьміхнуцца.
— Так-так… гэта добра… я дужа рад…
Праз хвіліны тры прышоў паўнютка набіты поезд. Андрэй неяк упіхнуў адну за аднэй сваіх падарожніц, і толькі ўскочыў сам, як заядла сьвіснуў кондуктар, захрыпеў асіплы ад зморы паравік, і поезд крануўся.
Лясьніцкі астаўся адзін. Ён стаяў на пляцформе аж пакуль, закрыўшыся клубком белага дыму, ня зьнік поезд за далёкім лясістым заваротам. Тады прайшоўся яшчэ разы са два па пляцформе, быццам баяўся, каб чаго тут не забыцца, быццам што ўспамінаў, і — пануры — пабрыў са станцыі.
І вось агарнуў яго цяжкі беспрасьветны сум. Пачуў ён сябе адзінотным, усімі пакінутым. Успомніў вёску — не захацелася ісьці туды, палохала там нешта варожае, чорнае.
Андрэй разумее. Андрэй тож быў злосны тады, яшчэ так пагардліва, дрэнна ўсьміхаўся. А потым-жа зразумеў, нават першы захацеў гаварыць з ім. А вёска гэгага не даруе. Там іначай, там проста: з намі, ці не…
Лясьніцкі дайшоў да ляска, забраўся ў густыя кусты алешніку і лёг там, глыбока аддаўшыся свайму шчымліваму суму. Неяк жыва, выразна паўсталі ў ваччу твары Андрэя, Макрыны,