Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тут сустрэла Лясьніцкага дзіўная нечаканасьць. На краю пляцформы, дзе пачынаюцца рэйкі, стаяла паненка Раіса і пільна ўглядалася ў той бок, адкуль павінен быў прыйсьці поезд. Яна страшэнна зьмянілася — вочы глыбока запалі, суха гарэлі ліхаманкавым агнём, твар пакрыўся густой хваравітай цьмянасьцю. Яна пачула іх крокі і інстынктыўна перавяла на іх марудны змораны погляд.

Лясьніцкі прывітаўся. Яна заўважыла, радасна ўсхапянулася і пайшла да яго з сумна-прыветнай усьмешкай,

Мусіць нешта вельмі яскрава адбілася ў гэты момант на твары Лясьніцкага, бо Макрына, якая сачыла за ім, раптам працялася тым адчайным спалохам, які ўжо бачыў Лясьніцкі ў яе ў час іхнае гутаркі пасьля весткі аб сьмерці мужа. Яна шырока раскрыла вочы, быццам убачыла нешта нечакана-страшное, дзікае, і недалужна схапілася за руку Андрэя, прытулілася да яе, нібы шукаючы абароны. Гэта заняло ўсяго адзін момант і, апрача Лясьніцкага, бадай што ніхто гэтага не заўважыў.

Раіса падышла, запытала:

— Вы едзеце, Васіль Данілавіч?..

— Не, я ня еду. Я праводжу свайго таварыша. Вось, будзьце знаёмы…

На яго дзіва Раіса адказала з едкай усьмешкай, за якой хавалася трывожнае хваляваньне.

— Мы сустракаліся. Мы знаёмы… Добры дзень…

Яна наўмысьля падкрэсьліла сваё прывітаньне, каб паказаць на яго недалікатнасьць, А ён адказаў зусім спакойна, нібыта-што:

— Добры дзень!

— Куды вы едзеце?

Андрэй адказаў. Яна хвіліну маўчала, нібы разважаючы нешта, нібы хацела нешта сказаць, ды ня важылася. Потым загаварыла з наўмыснай рэзкасьцю.

— Я таксама еду туды… адна. Я даўно ня езьдзіла і баюся цяпер… Я-б хацела, каб ехаць разам з вамі…