Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ужо відаць зарава, ружавее на ўкрытым чорнымі хмарамі небе… Жыцьцё, Васілёк, разьвінаецца, жыцьцё будзе цікавае, дзіўна-прыгожае… будзе агонь, а з агня родзіцца новае, нябачанае…

Андрэй гаварыў у нейкім гарачым захапленьні. Яго вочы дзіўна пацямнелі, страцілі мяккасьць сваю, загарэліся чорным вострым агнём. Ён быў падобны на нейкага таемнага вяшчуна, на прарока. Ён фанатычна верыў у тое, што гаварыў.

Лясьніцкаму рабілася страшна. Ён верыў Андрэю, чуў у словах яго нямінучае, чуў жорсткую, жудасную праўду. У гэтых словах, у ліхаманкавым бляску вачэй, у жудасным вешчаваньні Андрэевым лунаў чорны цень той трывогі, што зьвілася ў апошні час, навісла цяжарнай хмарай, прыдушыла глухой няўцямнасьцю.

Не заспакоіў Андрэй Лясьніцкага, ня даў яму таго, што-б пагадзіла яго з гэтым неадступным, страшным, што-б разьвеяла трывогу. Толькі больш жудасьці, страху набыў ён ад гэтае гутаркі.

Далей ішлі моўчкі — кожны думаў сваё. Не даходзячы гоняў з двое да станцыі, убачылі Макрыну. Яна сядзела каля дарогі і весела сьмяялася ім насустрэчу.

— Во, якія яны… Я чакаю-чакаю…

— Чаго-ж ты сядзіш тут?

— А што я там буду… Ня люблю, дзе многа народу… Ды ўсё чужыя…

Раптам Андрэй утаропіўся ў яе, з жартлівым адчаем разьвёў рукамі:

— А бач! Яна ўжо й разуцца пасьпела… Ну што-ж мне рабіць з табой?.. Гэта-ж ты чаго добрага і ў горадзе так прылаўчышся.

Макрына вінавата сьмяялася.

— Калі-ж ня звыкла я. Улетку ды ў чаравіках…

Яна нехаця набулася, і яны пайшлі на станцыю — там Андрэй узяў білеты, яны патаўкліся троху сярод густога натоўпу падарожных і потым вышлі на залітую сонцам пляцформу.