Андрэй зьдзіўлена зірнуў на яго, нават спыніўся.
— А бач! Што ты гэта пытаеш, Васіль?.. Ты нешта ня так, ня тое пытаеш… Можа ты хацеў спытаць — чаму? Чаму ўсё гэта робіцца? Дык, мне здаецца, ты павінен ведаць гэта больш, як я. Адказ зусім лёгка знайсьці на гэта запытаньне — досыць прыгледзіцца да сялянскага жыцьця, да яго чорных гаротных праяў, да бядоты, да вечнае крыўды… Вось і адказ… Разумееш?..
Лясьніцкі ўсьміхнуўся.
— У цябе гэта проста выходзіць, да жаху проста. Усё-ткі ня тое… Я хачу знаць — нашто? Ці трэба гэта? Мо‘ гэта нічога ня дасьць, толькі разбудзіць дзікія інстынкты? Можа гэта трэба неяк стрымліваць, шукаць іншых спосабаў, іншага шляху…
Андрэй чамусьці зарагатаў.
— Стрымліваць, ха-ха!.. Іш ты, як гэта гуманна!..
Потым ураз стаў сур‘ёзны, спыніўся, узяў за руку Лясьніцкага.
— Давай сядзем тут, адпачнём.
Яны сышлі з дарогі, селі на дол.
— Слухай, Васіль. Калі ў тым доме, які ўвесь дыміцца, гатовы ў кожную хвіліну пыхнуць вялікім магутным агнём, які ўжо загараецца, які ўжо смагла ліжуць языкі полымя, калі ў гэтым доме хадзіць са шмоткай і заціраць асобныя дробныя іскрачкі, — ці будзе гэта разумна, га?.. Ці будзе ў гэтым сэнс які-небудзь?.. Дык вось, Васіль, усё гэта — іскрачкі. А сапраўдны агонь яшчэ будзе, ён выбухне разам, і гэтыя іскрачкі растануць у ім, увальлюцца ў яго. Ён ідзе, гэты агонь, набліжаецца, Гэты агонь будзе страшны — у ім будуць і стогны, і кроў, у ім будзе чорная сьмерць, у ім будзе вялікае руйнаваньне. Ён таму й будзе жыватворчы, гэты агонь, што скалане ўсё магутным ударам свайго зьністажэньня, разбудзіць сьвежыя сокі зямлі, дасьць балючы, але патрэбны штуршок застыгламу ў аледзянелых формах жыцьцю… Пажар набліжаецца… Ха-ха!.. Пажар будзе не такі, які ты бачыў сёньня, гэта толькі прэлюдыя, толькі падрыхтоўка…