Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён кінуў на Андрэя няўважна-абеглы погляд і з пачціва-ласкавай буркатнёй завінуўся каля парому.

— Яшчэ пасьпееце, дзеткі… Ого, зараньня выбраліся. Яшчэ балаголы ня ехалі…

За Дняпром перад хлопцамі гонка расхінуліся глыбока-зялёныя росныя сенажаці, на якіх ужо паволі шаваліліся завязлыя па пояс у траве касцы. Косы чыркалі здалеку квола, прыглушана, і здавалася, што гэта недзе зусім блізка верашчаць скачкі, а косы ходзяць бясшумна і лёгка, як у пустым паветры.

Над сенажацьцю жаласна плакалі чайкі і, нібы ў насьмешку над імі, рассыпаліся тонка-срабрыстымі гарэзьлівымі званочкамі высокія, як неба, жаўранкі. У паветры востра мільгалі рознакалёрныя стрэлкі, на кветкі буркліва прымашчываліся вечныя поркалы-шчамялі, скачкі рэзалі паветра моцным — як мага — верашчаньнем. Дзень уставаў поўны, раздольны, да краю прасычаны яскравым жыцьцём.

Андрэй спыніўся, паставіў на дол чамадан і глыбока, шчасьліва ўздыхнуў, акінуўшы вокам разгонна-зялёную далеч.

— Васіль! Ці хочацца табе абняць во гэта жыцьцё, га?.. Або кінуцца долу, распрастацца бязьмежна, каб аж дасягнуць вун да таго ляску, што схаваўся ў смагу, каб застыгнуць навек у нявымоўнай слодычы адчуваньня гэтага хараства… Ты, Васіль, не глядзі на мяне так зьдзіўлена, я ўмею любіць хараство і разумею яго. Для гэтага ня трэба мець нейкага нязвычайнага таленту. Я страшэнна люблю жыцьцё, люблю кожнае яго стварэньне ўсьцяж да самае малюпасенькае казюлькі, во да гэтага жучка, што сеў мне на грудзі… Гэты жучок падскаквае, калі яго пакласьці на сьпінку… Во, бачыш? Глядзі, Васіль? Бачыш? Во, во…

І ён, як дзіця, забаўляўся з жучком. Потым пяшчотна пусьціў яго, поўзаць па руцэ, цярпліва чакаў, пакуль той паляціць.

Лясьніцкі хітравата ўсьміхнуўся.

— А чалавека ты любіш?

— О, больш за ўсё…