Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі ўжо ахапіў агонь увесь будынак, калі з аднаго боку ўжо абвалілася з трэскам страха, раптам прабегла па натоўпу шпаркая, як маланка, вестка:

— Сьвірны б‘юць… Панскія сьвірны б‘юць парэчанцы…

І вось кінуліся ўсе туды, дзе стаялі на водшыбе панскія сьвірны, дзе за моцнымі замкамі, у вялізных дубовых засеках ляжалі запасы панскага дабра.

У гэты час Лясьніцкі — змардаваны, зьняможаны фізычнымі патугамі і душэўнай бурай — адышоўся ад агня і ўбачыў: на апусьцёелай пляцоўцы, дзе раней была сьцяна людзкога натоўпу, стаіць Андрэй, злажыўшы на грудзёх рукі, і глядзіць у вагонь з задуменна-гордай давольнай усьмешкай. Як убачыў Лясьніцкага, перамяніў усьмешку на тую пагардлівую, крывую.

Лясьніцкі загарэўся шалёным гневам. Ён падышоў да Андрэя, амаль што ўпёрся ў яго, і прагаварыў нейкім нечаканым для самога сіпучым здушаным голасам:

— Ты… гэта зьвярынства… гэта… дзікая крыважэрнасьць… ты — разбойнік…

Андрэй спакойна глядзеў на яго, не крануўся нават, толькі ўсьмешка стала пустой, халоднай.

— І ты палічыў патрэбным зьмяніць гэта на рыцарскую далікатнасьць і паслужнасьць?

Лясьніцкі яшчэ горш загарэўся. Хацеў нешта сказаць, але злосьць здушыла горла. Тады Андрэй зусім весела засьмяяўся.

— Ты можа біцца хочаш? Калі ласка… Але-ж гэта не адпавядае высока-культурным уласьцівасьцям твайго характару…

Лясьніцкі нічога не адказаў, моўчкі адышоўся прэч. Ён ня так ужо й пэўна адчуваў сваю справядлівасьць. Гэты выбух шалёнага гневу быў больш інстынктыўнай маскіроўкай таго няпрыемнага пачуцьця, якое чорным комам пачало зьвівацца ўнутры на глебе нядаўнага непаразуменьня з сялянамі. Цяпер, калі прайшоў запал гарачага моманту, зьніклі ўсе тыя разважаньні, якімі апраўдваў свой учынак. Як ён ні стараўся навесьці на іх свае разбушлаваныя думкі, — нічога