Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/171

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзіўна-прыгожых вачох, увабраўшых, здаецца, у сябе ўвесь бляск пажару, Лясьніцкі ўбачыў маўклівую мальбу, перамяшаную з палкім нечалавечым болем. Трудна было зразумець, аб чым больш баліць яе сэрца: ці аб тым, што гіне ў агні ўсё тое, зчым яна пражыла жыцьцё, з чым зраднілася, звыклася, што ніхто ня хоча ісьці ратаваць, ці аб тым, што так няпрыгожа, так ганебна прыніжаецца яе бацька. Яна напружна падалася наперад, да натоўпу, і востра блішчэла вачмі, гатовая кінуцца туды, да бацькі, гатовая сама прасіць, маліць — мо‘ для таго толькі, каб падзяліць з бацькам яго прыніжэньне, каб не глядзець з боку, не гарэць ад нясьцерпнае мукі.

Лясьніцкі ня мог адвесьці вачэй ад Раісы. І чым больш глядзеў, тым больш адчуваў яе душэўную муку, і сам мучыўся разам з ёй, сам адчуваў у сэрцы агнёвы боль. І ад гэтага болю, ад гэтае нязьмернае жаласьці яшчэ больш узяў сілы голас протэсту, яшчэ вастрэй усьпеніў нутро буянай адвагай, сьмеласьцю.

А Раіса нарэшце ня вытрымала. Лясьніцкі бачыў, як пыхнуў у яе вачох апошні агоньчык душэўнае барацьбы, як яна ірванулася наперад, потым нібы сунялася і ціха пайшла к натоўпу, палахліва, няпэўна ступаючы па траве босымі ненатуральна бледымі нагамі. Яна зусім блізка падышла да Лясьніцкага, і ён добра заўважыў, з якім сьціснутым болем яна зьвярнулася да сялян.

— Грамадзяне!..

Яна спынілася — ня ведала, што гаварыць, ці мо‘ не магла — і неяк глыбока павяла па натоўпу шырока раскрытымі поўнымі хваляваньня вачмі. Потым, мабыць сустрэўшы нечую ўсьмешку, жахліва замятушылася, быццам убачыла нешта дужа-дужа страшное і ўжо гатова была пайсьці назад, але ў гэты момант убачыла Лясьніцкага. У вачох яе бліснула надзея. Яна парыўчата кінулася да яго.

— Васіль Данілавіч!.. Памажэце мне!..

У гэтым ускрыку яе была і радасьць ратунку, і палкі агонь нутранога болю, і даверлівая надзея.