забыцца на ўсё, ласкі нечае захацелася — ціхае, чыстае ласкі… як калісьці матка малога лашчыла… Каб можа Ніна падышла, слова якое сказала…
І, нібы ўгадаўшы яго пачуцьцё, устала Ніна, падышла і села каля яго на ложку. Хацела, здаецца, нешта сказаць, ужо ласкава вочы прыжмурыла. Але Лясьніцкі раптам схапянуўся, усклычыўся, быццам яго ўкалола тое, што яна падышла суцяшаць. Замест супакою злосьць узьнялася. Сказаў ёй груба, дасадліва:
— Я хочу спаць, не перашкаджайце.
Ніна пасьпёшна ўстала і, не сказаўшы ні слова, вышла з пакою.
Неўзабаве і ўсе разышліся. Лясьніцкі разьдзеўся і лёг, з галавой накрыўшыся коўдрай.
У гэтую ноч давялося яму перажыць колькі гадзін вострага таменьня душы, перацерпець балючы прыбой пачуцьцёў, якія змучылі яго сваім нязвычайным ліхаманкавым чаргаваньнем.
Пачуцьці гэтыя былі настолькі яскравыя і моцныя, што прымалі зусім жывыя рэальныя формы. Яны напаўнялі стомленую сьвядомасьць Лясьніцкага то крывымі нейкімі страшнымі зданямі, то нечым мяккім, ружовым, што заспакойвала ўзьбітыя нэрвы, навявала цішу і ласку. У хвіліны, калі было гэта ружовае, гатоў быў Лясьніцкі заснуць, ужо апускалася ў цела цяжарная млявасьць, бясьсільле, ужо ў галаве пачынаў завівацца туман. Але праз момант зноў ужо нарастала ў нутры цяжкое і мулкае, зноў пачынала кроіць сьвядомасьць рэзкімі зданямі трывогі, адчаю.
З маладосьці заўсёды бывае так, што першая няўдача ў жыцьці абурае страшэнным душэўным змаганьнем, і здаецца, што ўжо клінам сышоўся сьвет, што ўжо надышло рашучае і важнае, што гэта — генэральны крызіе жыцьця. Тады некаторы час пануе ў нутры прыкрая блытаніна, некаторы час здаецца ўсё агідным і няцікавым. А потым самі сабой адшукаюцца неяк канцы, разблытаецца прыкры вузёл, і ўсё стане ясным і простым.