шумам і з трэскам, з нейкім глухім жудасным гудам уядаўся разьлютаваны агонь у непадатны будынак.
Лясьніцкі з Андрэем, нэрвова расьпіхаючы натоўп, пралезьлі наперад. На пляцоўцы, якая засталася паміж, сьцяной людзкога натоўпу і домам, у зыркім сьвятле яскравага полымя недалужна кідалася ўва ўсе бакі невялічкая купка панскіх парабкоў, стараючыся пагасіць яшчэ не набраўшы вялікай моцы агонь. Сярод іх цёмным сілуэтам сноўдаўся „Карла“, аддаючы загады грубым асіплым голасам. Гэтыя загады не рабілі бадай што ніякага ўплыву, бо іх больш слухалі, чым выконвалі. Відаць было, што парабкі толькі спраўляюць свой службовы абавязак, што яны ані-ні не зацікаўлены ў выніках свае працы.
А сялянё стаялі грузнай нярухомай сьцяной і спакойна глядзелі на сьмяротную гульню крыважэрнага полымя. Яны, вядома, бачылі, разумелі, што яшчэ можна ратаваць будынак, што для гэтага досыць шчыра ўзяцца дзесятку-другому чалавек. Але вось бачылі і разумелі, а стаялі моўчкі, ніхто ня кратаўся з месца.
Перад натоўпам лётаў зьбянтэжаны стары пан, кідаўся ад аднаго к аднаму, неяк сьмешна, з нязграбна-лісьлівым нязвыклым для яго прыніжэньнем прасіў, маліў, каб памаглі тушыць.
— Браточкі, родныя… Я прашу вас, зрабіце ласку… Браточкі… Ну ня стойце-ж так, вазьміцеся… Я заплачу… Памажэце, родныя, даражэнькія…
Потым ён адбягаў, бег да агвю, там мітусіўся троху, нешта крычаў парабкам, кідаўся туды-сюды і зноў вяртаўся да сялян, зноў пачынаў іх прасіць.
Сяляне не сьмяяліся, хоць і было поўна комізму ўраструшанай сухарлява-лёгенькай фігурцы старога пана, апранутай у нейкі сьмешны куртаты халацік. Сяляне не сьмяяліся — жыцьцё наўчыла іх быць сур‘ёзнымі перад тварам грознай магутнай стыхіі. Сяляне маўчалі хмура, напружана, быццам глядзелі на нейкае дзікае, поўнае ўрачыстай велічы, набажэнства.