глухога звону, ліў у прасторы вялікую магутную жудасьць, прасіў, маліў аб нечым прасторы, галасіў, поўны густога жалезнага суму.
Лясьніцкі ўраз ускочыў, нэрвова схапіўся за шапку.
І чамусьці — па нейкай дзіўнай асоцыяцыі — у галаве перш паўстаў вобраз Макрыны і некалькі хвілін упарта стаяў у ваччу, не даваў успомніць таго, патрэбнага. А потым ужо выплыў у рэзкай яскравасьці вобраз паненкі Раісы, працяты глыбокай роспаччу, так, як тады, на купальскую ноч. І стала ўсё зразумела — і хваляваньне Андрэя, і яго раптоўныя зборы ў дарогу, і яго ранейшая клапатлівая сумятня. Нечым назольліва-лішнім, непатрэбным убіліся ў вушы поўныя вясёлай усхваляванасьці крыкі на вуліцы:
— Маёнтак гарыць… Паны загарэліся!.. Гайда ў маёнтак!..
Хлопцы беглі, як мага, абганялі з нецярплівай пасьпешнасьцю гурмы сялян, якія ўжо загацілі глухую чорную дарогу. Лясьніцкі ўсё паўтараў, як няпрытомны:
— Скарэй, Андрэй… Скарэй, скарэй…
І парываўся ўперад, поўны нейкай нэрвовай імклівасьці.
Над лесам злавесна крывянілася неба. Было ў гэтым жудасным сьвятле нешта крыважэрнае і разам з тым урачыста-шырокае, напружана-пышнае. Быццам у гэтым наўмысна распаленым бляску самадавольна прымала неба страшэнную агнявую ахвяру. А як убеглі ў лес, згінула зарава, агарнула непарушна-ціхая цемра, і толькі нэрвова-ўзьнятыя галасы па дарозе падтрымлівалі трывожны настрой.
Потым нібы парадзеў чорны мрок, разбавіўся нечым дрыготна-бялясым. А яшчэ далей бялясае перайшло ў ружовае, пачало гусьцець, чырванець, і нарэшце ў прахонах паміж дрэў бліснуў чырвоны, дзіка разьюшаны агонь пажару.
Ужо цалком былі ахоплены полымем дваровыя будынкі і неяк нехаця, спакваля загараліся абтанкаваныя знадворку панскія пакоі.
У маёнтку было поўна народу. Вакол пакояў сяляне пасталі роўнай, шчытнай сьцяной і моўчкі глядзелі, як з