І яшчэ хвіліну моўчкі глядзеў. Толькі пасьля трэцяга разу разумеў, у чым справа, і з вінаватай усьмешкай адказваў. Лясьніцкі, нарэшце, ня ўцерпеў, запытаў яго, што з ім такое сталася. Ён дасадліва адмахнуўся:
— Не чапай. Потым сам узнаеш…
Як паклаліся спаць, Андрэй спачатку сядзеў за сталом, чытаючы нешта пры сьвятле мізэрнай лямпачкі, потым устаў і зноў пачаў хадзіць узад і ўперад. Лясьніцкі ляжаў на лаўцы, сачыў за яго аднамерна-нуднымі рухамі. Чамусьці спаць ісьці не хацелася, прыемна было ляжаць так — у глухім цягучым аслупяненьні, слухаць звон у галаве, ды сачыць за віханьнем шчытнай Андрэевай фігуры. І ня прымеціў Лясьніцкі, як пачалі зьліпацца вочы, як фігура Андрэева разьлілася ў суцэльную — на ўсю хату — шэрую пляму, як зьявіўся ў хаце Халіма і пачаў рабіць нейкія мудроныя фокусы, навучаючы яго, Лясьніцкага, па новых правілах біць шыбы. Потым прышла Ніна і пачала пець: „Ах, зачем эта ночь“, а Макрына паказвала на яе пальцам і неяк нахабна, дзіка сьмяялася, як звар‘яцелая. А далей пайшоў ужо розны недарэчны тлум, якім звычайна поўніцца ўзбушлаваны дзянной сумятнёй сон чалавека.
Андрэй будзіў яго з нейкай сярдзітай жорсткай пасьпешнасьцю.
— Уставай… Пойдзем… Ну, хутчэй, а то спозьнімся… Уставай.
Тое самае дрыготнае сьвятло лямпачкі, тая самая ціхая шэрая хата. На печы, на палу чуваць напружана-спакойнае соннае дыханьне. І цыркун у запеччы…
Куды пойдзем? Куды ён кліча? Чаму ён ня сьпіць?..
— Уставай-жа, Васіль… Пойдзем хутчэй…
— Куды?..
Замест адказу Андрэй падымае палец угару, застыгае ў нейкай таемнай нярухомасьці, як страшны варажбіт.
— Чуеш?
Лясьніцкі цяпер толькі пачуў — дасюль мяшалася з цішынёй — недзе плыў у адчайным разгоне трывожны голас