Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ён спыняўся, стаяў некаторы час на адным месцы, быццам разважаючы нешта, потым рашуча ўзмахваў рукамі і нэрвова прысьпяшаў ход, захоплены нейкім незразумелым імкненьнем. Перад змрокам ён раптам узяў і пачаў парадчыць свой невялічкі чамадан. Лясьніцкі ўбачыў, зьдзіўлена запытаў:

— Што ты?

— Заўтра ўраньні крануся. Досыць ужо — нагуляўся, час узяцца за працу.

— А харчы як — багажом?..

Андрэй ударыў сябе па лбу.

— А ты праўду сказаў, Васіль… Як-жа гэта так…

Ён зараз-жа кінуў чамадан, пабег на вёску і праз поўгадзіны прыцягнуў некалькі кавалкаў сала, чарапок масла і яшчэ нечага ў мокрай і ня зусім чыстай шмотцы.

— Вось і гатова… Гэта будзе Ніне гасьцінец… Яна-ж у нас стала заўзятай гаспадыняй… Як то цяпер там яны з Халімам выкручваюцца…

— Чаму з Халімам?

— Во… Дык ці я табе не казаў, што ён у нас стаў на кватэры. Заняў твой пакой. Але ты, калі ўздумаеш часам прыехаць у горад, дык таксама да нас — у нас комуна вясёлая, табе ўпадабаецца напэўна.

Потым, як ужо ўпакаваўся, Андрэй сказаў Лясьніцкаму ў нейкім неабычайным для яго замяшаньні:

— Я падгаварыў Макрыну паехаць разам са мной. Там ёй лягчэй будзе дайсьці сабе, як удаве салдата, дапамогі. Мы наладзім так, што адтуль проста дадуць загад у павет або ў воласьць.

— Што-ж, гэта добра.

Чым бліжэй к начы, тым больш ахапляла Андрэя нейкая дзікая нэрвовая нецярплівасьць. Ён усё хадзіў, ня мог хвіліны ўседзець на месцы. Калі хто зьвяртаўся да яго з якім запытаньнем, ён спыняўся і з хвіліну глядзеў на таго, тупа выпяўшы вочы, потым пытаўся:

— Што?