Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І зноў маўчалі. Потым Макрына сьцеражліва азірнулася наўкола і сказала яму таемным шопатам:

— Я дык дужа рада-ай-яй!.. А трэба паказваць від усім, што жалкую — я ведаю… А то засьмяюць!

Лясьніцкі неяк няўважна і сумна ўсьміхнуўся. Ён напружна думаў, меркаваў, ці добра, ці дрэнна гэта яму, што так здарылася. Усё выходзіла неяк, што дрэнна. Расло ў нутры пачуцьцё нейкай зьвязанасьці, няволі, і тады чамусьці мільгаў у ваччу вобраз паненкі Раісы — рабілася страшэнна прыкра, і шкода чагосьці, і — нямаведама што…

А Макрына пастаяла-пастаяла ды зноў зазначыла — на гэты раз у нейкім задуменным захапленьні:

— Цяпер-жа я зноў, як дзяўчына… Як гэта хвацка!.. Вольная, як птушка ўсё-роўна… Буду рабіць, што хачу, і ніхто мне слова ня скажа.

Лясьніцкі дасадліва яе перабіў:

— Ат, знайшла чаго радавацца…

Ён сказаў гэта проста таму, што быў заняты думкамі, і яна бунтавала яму. А на Макрыну гэтыя словы зрабілі вялікае ўражаньне. Яна палахліва зірнула на яго шырокімі, поўнымі балючага неўразуменьня вачмі і ціха спытала:

— Васілёк! А ці ты ня рад?..

Ён яе супакоіў, але вышла суха, няшчыра.

— Чаму ня рад. І я рад — ня менш за цябе. Але нашто-ж гаварыць аб гэтым?..

— А чаму не сказаць? Хіба нам трэба адзін перад адным хавацца…

Яго кальнуў гэты няўмысны дакор. І яшчэ больш напяў нейкую брыдкую ўпартасьць, што мімаволі стаўплялася ў нутры. Хацелася спрачацца — дасадліва, раздражнёна, каб укалоць, памучыць.

— Не заўсёды трэба крычаць аб тым, што адчуваеш. Часамі гэта бывае дзіка і не да рэчы… Разумееш?..

Замест адказу яна зноў зьдзіўлена і палахліва зірнула на яго.

— Чаго ты злуешся, Васілёк?