ліла Аксэнту й Рыгора, а ў чужых мудраваньнях ніколі не знайсьці адказу на глыбокія, у самой істоце закладзеныя запытаньні.
І мучыцца Лясьніцкі ў нязбыўных сумненьнях, згрызотах, і гняце, прыціскае глухая, як сьцяна, няўцямнасьць.
А да ўсяго гэтага яшчэ далучылася другое, сардэчнае. І тут пайшло неразборнае заблытаньне, і тут стаў прад зачарованым раздарожжам.
У апошнія дні ўстрасянулася тое застыглае, закаржэлае, што было з Макрынай. Растапілася ад раптоўнае хвалі гарачага жалю і, здалося, уваскросла ў поўнай ранейшай глыбокасьці, у ранейшай сьвежасьці і харастве. І пераблыталася ў дзіўны клубок з тым шчымлівым, трывожна-радасным, з тым, што ўзьняла ў сэрцы паненка Раіса.
Лясьніцкі нешта рабіў на гумне, калі прыбегла Макрына — бурна радая, усхваляваная. Яна, небарака, ад радасьці зусім забылася, што не ў абычайнасьці гэта — скакаць, весяліцца, калі прышла такая жалобная вестка.
Макрына пабыла ўжо ў Лясьніцкага ў хаце — яна перш-на-перш да яго кінулася — і ўжо адтуль прыбегла на гумно. Яна адразу хацела павіснуць у яго на шыі, але ўбачыла, што ён сур‘ёзны (ведама — думкі ўсё, разважаньні), дык яна ўтупілася і, як магла, скомчыла сваю радасьць. Нават надала свайму голасу троху жаласнасьці, мабыць успомніла-ткі, якога гатунку гэта нечаканая вестка.
— Васіль… ці чуў ты… Забілі-ж майго, прышла сёньня карта…
І замоўкла. І ён маўчаў, ня ведаў, ці яму радавацца, ці не. І наогул ня ведаў, што цяпер трэба рабіць, бо было гэта зусім нечакана. Першая думка ў яго была такая: чаму гэта раней ён ніколі не падумаў аб гэтым, хоць гэта можна было чакаць, гэта заўсёды магло здарыцца. Потым ён чамусьці палічыў патрэбным спытацца:
— Дзе забілі?
Яна шчыра і проста адказала:
— А хто яго ведае.