ўсьмешка гэта пустая, надворная, што за ёй рэзка цямнее сур‘ёзная напружна-пасьпешная думка. Дзіўныя сталі вочы Андрэевы — быццам чужыя, далёкія, адцятыя ад усяго выразу твара, ад гэтае спакойнае бязуважнае ўсьмешкі. У іх і ўбачыў Лясьніцкі агоньчык трывожнае думкі.
— Можа, Васіль, пройдзем туды, ці што?..
Аксэнта спалохана замахаў рукамі.
— Што ты? Ня лезь, калі цябе яшчэ не чапаюць… Ого, пайсьці туды…
Перасьцярог і бацька Лясьніцкага:
— Чорт ім вер… Народ такі, што ў злосьці зробіць што-хоця… Народ цяпер стаў дужа гняўлівы.
Андрэй устаў, пахадзіў нэрвова па хаце. Потым падышоў да Лясьніцкага, зірнуў у твар яму дзіўна ўглыблёнымі некуды ў нутро вачмі. І ўсьміхнуўся.
— Ну як, Васіль, ты пойдзеш са мной туды?.. Калі пойдзеш, дык — гайда…
Аксэнта з бацькам яшчэ браліся ўгаварваць. Лясьніцкі моўчкі надзеў шапку — чуў, што цяпер не ўгаворыш Андрэя. Аксэнта тады таксама пасунуўся ўсьлед.
Сяляне сустрэлі іх злосна-напятым маўчаньнем. Гэта было самае горшае, бо ставіла ў нейкае тупа-недарэчнае становішча. Невядома, што яны думаюць, аб чым толькі што была гутарка і як, за што зачапіцца, каб не стаяць у прыкрым бязглуздым маўчаньні.
Сяляне скупіліся былі каля нечае хаты, Галоўныя заводцы сядзелі на прызьбе, а рэшта стаялі наўкола бязладнай гурмай. Як убачылі іх, неяк самі па сабе раздаліся, так што адкрыўся вольны прахон да самае прызьбы. І вось тут вышла нечаканае, дзіўнае. У той час, як Лясьніцкі, поўны трывогі і страха, прыцёрся з крайку да сялянскага натоўпу, Андрэй сваёй сьмелай, развальнай хадою прайшоў праз адкрыты прахон, падышоў да прызьбы і моўчкі, адным знакам рукі, папрасіў пасунуцца, даць яму месца. Гэта вышла так неспадзявана, што яму сапраўды далі месца, нават некаторы ўстаў, каб зволіць яго. Андрэй сеў пасярод, азірнуў