глуха, інстынктам, — што гэта не канец, што будзе, павінен быць яшчэ нейкі працяг гэтае справы.
А сярод сялян пад уплывам злосна-насьмешлівых дапіканьняў багатыроў расло цёмнае, нядобрае нездаволеньне. Пачыналі загаварваць аб тым, што нехта зьвёў, што нехта наўмысьля падбухторыў на гэту дрэнную справу, што каб ня тыя заводцы, дык-бы спакойна купілі ў пана луку, потым-бы раскапалі, суд завялі, калі сапраўды ёсьць якія матар‘ялы. Спачатку нездавольненьне гэта бурліла глуха, затоена, потым высьлізнула раптам на поверх і загарэлася агнём вострага абурэньня. Асабліва моцна ўзьнялося абурэньне назаўтрага ўраньні, калі за бяссонную ноч выела нутро сялян пякучая дасада, дакраю змучыла сэрца бясплоднае едкае каяньне. Ураньні абурэньне ўвабралася ў пэўную форму і знайшло сабе об‘ектаў. Гэтымі об‘ектамі аказаліся Аксэнта, Рыгор і Андрэй. Асабліва расла злосьць супроць Андрэя — мабыць таму, што чужы ён, наездны, што ня мае нічога супольнага з вясковай сялянскай сям‘ёй.
Раніцай прышоў да Лясьніцкага Аксэнта. Па яго важнаму, урачыста-трывожнаму выгляду Лясьніцкі адразу ўцяміў, што нешта здарылася, або можа здарыцца. Аксэнта чамусьці пачаў распытваць у Андрэя, што ён яшчэ меціць тут, на вёсцы, зрабіць, калі рыхтуецца ехаць у горад, ці многа ў яго з сабой рэчаў. Калі, нарэшце, Андрэй, зьбіты з панталыку гэтымі дзіўнымі распытваньнямі, проста, адкрыта запытаў у яго, чаго ён хоча, к чаму вядзе гэту гутарку, дык Аксэнта дасадліва зморшчыўся, зрабіў від, што яму дужа-б не хацелася пра гэта казаць, і наўмысна бязуважным тонам зазначыў:
— Там нешта гавораць мужчыны… сабраліся туды, пад той канец… Хто іх ведае, каб чаго ня было… дужа злосныя ўсе, на мяне тож плятуць нямаведама што, але я не баюся, мяне не крануць… Больш за цябе, Андрэй, зачапіліся… Дык я — каб ня вышла чаго нядобрага…
Андрэй ураз сьцяміў, у чым справа. Ён спакойна ўсьміхнуўся, быццам ня прымеціў тут нічога важнага, быццам для яго гэта — глупства адно. Але Лясьніцкі заўважыў, што