Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўжо можна было звазіць у пуні. І, прышоўшы на вёску, доўга яшчэ гаманілі аб гэтым, нават сабралі формальную сходку. На сходцы выбралі пяць надзейных чалавек, якім далі поўную волю падзяліць так, як яны знойдуць патрэбным і справядлівым.

А назаўтрага зранку прыехалі з павету салдаты і агітатар. Агітатар сабраў сход і паспрабаваў зацягнуць песьню аб небясьпецы свабодзе і рэволюцыі, аб анархіі і бальшавіках, аб непарушным праве ўласнасьці, аб устаноўчым сойме і г. д. Ён гаварыў хвілін пяць, а потым яго прагналі. З салдатамі-ж справа вышла горшая. Іх прагнаць было трудна, бо ў іх былі вінтоўкі. А салдаты самі прагналі ўсіх-чыста з лукі, і потым надта блізка не падпускалі.

З паўдня прыехалі панскія падводы і пачалі забіраць гатовае сена. Бясьсільныя супроць узброенай сілы хадзілі вакол зьбянтэжанай гурмай сяляне і з горкай дасадай глядзелі, як звозяць у пракляты маёнтак плады іх трохдзённае працы. З кожным зьвезеным возам расло ў сялянскіх грудзёх абурэньне, закіпала сэрца агнёвай злосьцю — гатовы былі кінуцца ў бойку, учапіцца хоць за гэта апошняе, што яшчэ асталося. Але што-ж зробіш з голымі рукамі супроць салдацкіх вінтовак? Прабавалі пагаварыць з імі падобраму, падыходзілі, завадзілі сяброўскую гутарку, распытвалі пра іх несамавітае салдацкае жыцьцё. Тыя абыходзіліся ласкава, ахвотна гаманілі з сялянамі, але кожны раз, як толькі закідвалі сяляне ў бок таго, каб як-небудзь неўспадзеў дапусьціць іх да сена, — салдаты нязьменна прымалі сур‘ёзны выгляд і з паважнай таемнасьцю ківалі галовамі:

— Э не… Цяпер у нас строга. За гэта нам будзе — ведаеце што?.. Ну дык і не кажыце нават…

Па луцэ гарцаваў на дзіка-ўсьпененым стаеньніку „Карла“. На яго хмурым твары густа застыгнуў быў цень трывожнай руплівасьці — ён нібы ня бачыў ні сялян, ні салдат, нічога навокал, аддаўся цалком распарадкаваньню падвод, якія нязьлічонай плоймай усё наяжджалі на луг. Знаў хітры „Карла“, што калі ня возьме за дзень, дык — памінай, чым