дык не адбрэшашся. Абсьмяюць з усіх бакоў, аблаюць — няма куды дзецца. Такая ўжо задзірлівая парода бабская.
К паўдню кончылі мужчыны касьбу. Папалуднаваўшы, узяліся разам з бабамі за сена. Праца пайшла яшчэ спарней, бо адны адных падганялі. Мужчыны падсьміхваліся над бабамі, над іх дробным, няспорным завіханьнем, тыя стараліся ўцяцца, каб мужчын перагнаць, каб асароміць іх, пасьмяяцца над імі. Жарты, заліцаньні хлапцоў да дзяўчат, сяброўская лаянка, сварка — гэта не перашкаджала ў працы, толькі больш распаляла энэргію.
Пачуў сябе вольна цяпер і Андрэй. Цяпер ён быў ужо роўнапраўны з усімі, бо, каб грабці, ня трэба было асаблівае мудрасьці — ня то, што касіць. Ён укладаў у работу ўсю сілу, быў рады, здаволены, як дзіця. Нешта сышоўшыся з Лясьніцкім, ён крыкнуў яму ў глыбокім шчырым захапленьні:
— Васіль, браточак! Каб так век працаваць… Гэта ня праца, а нейкая шырокая прыгожая забава!..
Лясьвіцкі зірнуў на яго і мімаволі залюбаваўся. Ён распарыўся ўвесь, расчырванеўся, ад яго веяла гарачым здароўем, сьвежаю сілай, ён, здавалася, быў увасабленьнем гэтае шырокае, магутнае, як прырода, працы-забавы, гэтага радасна-тлумнага квяцістага дня. А на твары ў яго сьветла іскрылася любая дзяціная радасьць, яснае шчасьце. Гледзячы на гэты твар, хацелася глыбока, добра так засьмяяцца, хацелася нешта зрабіць ласкавае, прыемнае.
Андрэю спазрылася Макрына, і ён жартам пачаў каля яе ўвінацца. Ён усё стараўся дагнаць яе і, калі ўдавалася, рабіў від, што хоча заграбці яе разам з сенам, пагрозна ўзмахваў граблямі. Яна ўцякала з давольным сьмехам і яшчэ доўга сьмяялася здалеку, гарэзьліва бліскаючы сваімі прамяністымі, як чорны топаз, вачанятамі.
Ён жартам гразіў ёй.
— У-у-у, цыганё… Вот зараз я цябе заграбу…
А Макрына і сапраўды была чыстае цыганё. Яна загарэла, засмылела на сонцы, яе звычайны беленькі твар быў