— Гайда к парому!
Але турбота іх была дарэмная, Пакуль яны падышда парома, „Карла“ ўжо справіўся зьлезьці з каня, узыйсьці на паром, агледзіць кожную шчылінку і, нікога ня ўбачыўшы, зноў узьлез на каня і праскачыў каля іх страшным разьлютаваным д‘яблам.
Сяляне няўцямна глядзелі на паром.
— А дзе-ж Саўка?
Але стары не забавіўся разьвеяць агульнае неўразуменьне. Ён вытыркнуў з будкі сваю калматую галаву і ўвесь аддаўся свайму дзікаму сьмеху-сіпеньню.
— Дзе-ж ты быў, дзядуля?..
— А я… а я… у саломе… х-х-х… чорту вер, яшчэ дасьць бізуна… дык я… схаваўся… х-х-х…
І здаволены сваёй спрытнасьцю дзед качаўся ад нястрыманага сьмеху.
Сяляне пачалі закурваць.
У ТОЙ ДЗЕНЬ палажылі большую палавіну лукі. А назаўтрага, як толькі выцерла сонца сваімі шаўковымі ручнікамі наплаканую начным туманам расу, запярэсьціўся луг морам рознакалёрных істужак — высыпалі з усяе вёскі маладзіцы, дзяўчаты, хлапцы-падшпаркі сушыць сьвежае мурожнае сена.
Вось калі ажыў, апавіўся гульлівым тлумам сонечны луг. Вось калі загрымеў, рассыпаўся ў ясным паветры звонкі сярэбраны сьмех, палілася шумлівай плыньню рознагалосая гутарка. Ведама, баба, калі лапоча языком, дык удвая больш наробіць. А прымусь яе моўчкі рабіць, дык і рукі апусьцяцца ў небаракі.
Мужчынам сёньня не балазе. Апанавалі бабы, прыціснулі плоймай крыклівай — ня зыйсьці проста з пракосу. Бо пападзіся адзін у іх стан — заклююць, заскубуць — хоць трэсьні,